КЕКІЛЬБА́ЕЎ (Абіш) (н. 5.12.1939, в. Анды Мангістаўскай вобл., Казахстан),
казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1962). Першая кніга — зб. вершаў «Залатыя промні» (1962). Зб-кі прозы «Лапік хмары» (1966), «Балады стэпаў» (1968), «Жменька зямлі» (1974), раманы «Канец легенды» (1979), «Плеяды — сузор’е надзеі» (1980) і «Перадсвітальнае змярканне» (1984, за абодва Дзярж. прэмія Казахстана 1986) вызначаюцца шматграннасцю праблематыкі, паглыбленым сац. і псіхалагічным аналізам, імкненнем да інтэлектуалізму. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, нарысаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Ракітны.
Тв.:
Рус. пер. — Степные легенды: Повести. Роман. М., 1983.
Ж.Сахіеў.
т. 8, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
А.А.Майсейчык.
т. 11, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)