НЯМІ́ГСКАЯ БІ́ТВА 1067,

адна з першых бітваў пачатку феад. раздробленасці Русі. Адбылася 3.3.1067 на р. Няміга паміж войскамі паўд.-рус. князёў Ізяслава, Святаслава, Усевалада Яраславічаў і полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Прычына — намер кіеўскага князя падпарадкаваць Полацкае княства, якое да гэтага часу стала незалежным. Выкарыстаўшы захоп і разарэнне Усяславам Ноўгарада, войскі паўд.-рус. князёў захапілі Мінск. Н.б. скончылася паражэннем войск Полацкага княства. У час мірных перагавораў Усяслаў Брачыславіч быў зняволены ў Кіеве. Н.б. асуджана аўтарам «Слова аб палку Ігаравым», які апісаў яе як жорсткае пабоішча: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяни — посеяни костьми руских сынов».

Э.М.Загарульскі.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДРЫЧ ((Andriђ) Іва) (9.10.1892, в. Долак, каля г. Траўнік, Боснія — 13.3.1975),

югаслаўскі пісьменнік і дыпламат. Д-р філасофіі (1924). Чл. Сербскай АН (з 1926), Югаслаўскай (з 1951) і Славенскай (з 1953) акадэмій навук і мастацтваў. У 1921—41 дыпламат у еўрап. краінах. Аўтар зб-каў лірычных вершаў у прозе «Ex ponto» (1918), «Неспакоі» (1920), апавяданняў і аповесцяў «Шлях Аліі Джэрджалеза» (1920), «Мост на Жэпе» (1947) і інш., кароткіх раманаў «Паненка» (1945), «Пракляты двор» (1954). Сусв. вядомасць прынеслі гіст. раманы пра мінулае Босніі «Траўніцкая хроніка» і «Мост на Дрыне» (абодва 1945). Гал. рысы яго твораў — філас. напоўненасць і глыбокі псіхалагізм. Літ.-крыт. працы пра дзеячаў сербскай і сусветнай культуры. Нобелеўская прэмія 1961. На бел. мову творы Андрыча перакладалі В.Рагойша, А.Разанаў, Л.Самасейка, Б.Сачанка, Г.Тварановіч, І.Чарота.

Тв.:

Сабрана дела. Т. 1—17. Београд и др., 1981;

Бел. пер. — Трывожны год. Мн., 1978;

Мост на Дрыне;

Пракляты двор. Мн., 1993;

Рус. Пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1984—85.

Літ.:

Иво Андриһ: Биобиблиогр. указ. М., 1974;

Поповић Р. Иво Андриһ: Живот. Београд, 1988.

І.А.Чарота.

І.Андрыч.

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)