ГУ́РЫН (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 8.11.1941, в. Радунь Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1991). Скончыў БДУ (1971). У 1966—76 працаваў у БПІ, з 1976 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Праводзіў археал. раскопкі паселішчаў жалезнага веку на Брэстчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне. Даследуе структуру чорных металаў, развіццё вытв-сці жалеза і кавальскай справы на Беларусі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Чл. Міжнар. к-та па вывучэнні стараж. металургіі.

Тв.:

Древнее железо Белорусского Поднепровья (1 тысячелетие н. э.). Мн., 1982;

Мир: Ист.-экон. очерк. Мн., 1985;

Кузнечное ремесло Полоцкой Земли IX—XIII вв. Мн., 1987.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗА (лац. Ferrum),

Fe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 26, ат. м. 55,847. Складаецца з 4 стабільных ізатопаў: ​54Fe (5,84%), ​56Fe (91,68%), ​57Fe (2,17%), ​58Fe (0,31%). У зямной кары 4,65% па масе (найб. распаўсюджаны метал — другі пасля алюмінію). Вядома больш за 300 мінералаў (гл. Жалезныя руды). Самароднае (метэорнае і тэлурычнае) сустракаецца рэдка. Прысутнічае ў арганізмах усіх жывёл і раслін, уваходзіць у склад гемаглабіну.

Ж. — бліскучы серабрыста-белы пластычны метал tпл 1535 °C, tкіп 2750 °C, шчыльн. 7870 кг/м³ (20 °C). Пры звычайным ціску адрозніваюць некалькі крышт. мадыфікацый: α-Fe (існуе да 917 °C), δ-Fe (пры т-рах вышэй за 1394 °C і да т-ры плаўлення) з аб’ёмнацэнтраванай кубічнай рашоткай і γ-Fe (у інтэрвале 917—1394 °C) з гранецэнтраванай кубічнай рашоткай. Пры т-ры 769 °C (пункт Кюры) ферамагн. α-Fe пераходзіць у парамагн. стан. Парамагн. Ж., устойлівае ў інтэрвале 769—917 °C, наз. β-Fe. Ж. не раствараецца ў вадзе і шчолачах. У вільготным паветры акісляецца і пакрываецца ржой (гл. Карозія металаў), у сухім (пры награванні вышэй за 200 °C) — ахоўнай плёнкай аксідаў (гл. Вараненне). З разбаўленымі к-тамі ўтварае солі Fe(II) (гл. Жалеза злучэнні), канцэнтраванымі азотнай і сернай — пасівіруецца. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, серай, фосфарам, вугляродам, аксідам вугляроду (гл. Карбанілы металаў), вадзяной парай. Асн. масу Ж. выплаўляюць у выглядзе чыгуну і сталі. Аднаўленнем жалеза аксідаў пры 750—1200 °C атрымліваюць губчатае Ж. (97—99% Fe), раскладаннем пентакарбанілу Fe(CO)5 — карбанільнае (парашок з памерамі часцінак 1—15 мкм). Выкарыстоўваюць як матэрыял для стрыжняў электрамагнітаў і якараў эл. машын (тэхнічна чыстае), як каталізатар, антыанемічны сродак (карбанільнае) і інш.

Літ.:

Беккерт М. Железо: Факты и легенды: Пер. с нем. 2 изд. М., 1988.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)