Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАСЦЁР (Rhamnus),
род кветкавых раслін сям. крушынавых. Больш за 140 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы барэальны еўрапейскі від — Ж. слабіцельны (Rh. cathartica), расце на схілах рачных тэрас, у лясах, сярод хмызнякоў, і 18 інтрадукаваных: Ж. фарбавальны (Rh. tinctona), Ж. вальховалісты (Rh. alnifolia), Ж. дыяментавы (Rh. diamantiaca), Ж. усурыйскі (Rh. ussuriensis) і інш.
Кусты і невял. дрэвы, часта з калючымі галінкамі і пупышкамі, укрытымі лускавінкамі. Лісце супраціўнае, шчыльнае, яйцападобнае з травяністымі прылісткамі. Кветкі малапрыкметныя, жаўтавата-зялёныя вузказваночкавыя. Плод — сакаўная касцянка. Лек., дэкар., фарбавальныя, дубільныя расліны, меданосы. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШЫСТАБЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́,
фармацыя карэнных лісцевых лясоў на пераходных і нізінных балотах, у дрэвастоі якіх пераважае бяроза пушыстая (гл.Бяроза). На Беларусі займаюць 276,4 тыс.га (4,6% агульнай пл. лясоў, 27,6% бярозавых лясоў). Вылучаюць 6 тыпаў П.л.: асакова-травяны, асаковы, балотна-папарацевы, вярбовы, асакова-сфагнавы, падвейна-сфагнавы. Пашыраны адносна раўнамерна, буйныя масівы на забалочаных нізінах — Верхнебярэзінскай, Дзісенскай, Цэнтральнабярэзінскай, Палескай. Растуць на патэнцыяльна багатых тарфяна-балотных глебах, але ў сувязі з пераўвільготненасцю і слабай аэрацыяй маюць нізкую прадукцыйнасць. Дрэвастоі чыстыя пушыстабярозавыя або з дамешкам хвоі, вольхі чорнай, елкі, дасягаюць тэхн. спеласці ў 60 гадоў. У падлеску пераважаюць вербы (попельная, чарнеючая, размарыналістая), крушына ломкая, рабіна, парэчкі чорныя, каліна, жасцёр слабіцельны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЕ́Ц,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.