Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАЗ (Ілья Сямёнавіч) (17.3.1922, г. Магілёў — 22.12.1980),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1939—41). З 1945 працаваў у перыяд. друку, у 1956—66 у газ. «Літаратура і мастацтва», з 1974 у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1940. Пісаў на бел. і рус. мовах. У яго аповесцях «Жарцы» (1955), «Злодзей» (1960), «Разбег» (1963) і нарысах — гіст. мінулае і сучаснае жыццё Беларусі, людзі незвычайных лёсаў. Аўтар гіст. рамана «Белая Русь» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в.Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХу вайну 1812, баявыя дзеянні ўзброеных сялян, апалчэнцаў і атрадаў рас. арміі ў тыле напалеонаўскіх войск. Супраціўленне сялян чужынцам пачалося стыхійна як пратэст супраць гвалту, рабаванняў і марадзёрства. Ужо ў ліп. 1812 некат. сяляне Беларусі і Літвы з сем’ямі і маёмасцю ўцякалі ў лясы, дзе частка з іх аб’ядноўвалася ў партыз. атрады і выступала супраць франц. рабаўнікоў і марадзёраў. Больш шырока П.р. разгарнуўся ў канцы лета ў Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай губ., дзе дзейнічалі атрады Е.Чацвертака, Г.Курына, Самуся (Ф.Патапава), старасціхі В.Кожынай і інш. Толькі за 5 тыдняў пасля Барадзінскай бітвы 1812 у сутычках з партызанамі захопнікі страцілі каля 30 тыс.чал.Вял. значэнне П.р. надаваў галоўнакаманд. рас. арміяй М.І.Кутузаў, па ініцыятыве якога ў тыле ворага створаны спец. армейскія партыз. атрады. У вер. 1812 у іх складзе дзейнічала 36 казацкіх, 7 кав. і 5 пях. палкоў, 5 эскадронаў і 3 батальёны. Атрадамі камандавалі генералы і афіцэры Дз.Давыдаў, І.Дорахаў, А.Сяславін, А.Фігнер і інш. Пры садзеянні партызан-сялян яны раптоўна нападалі на акупантаў, знішчалі жывую сілу, парушалі сувязь з тылам, збіралі і перадавалі камандаванню звесткі разведкі. На тэр. Беларусі найб. значны П.р. быў ва ўсх. раёнах. Прыкладам эфектыўнай дзейнасці партызан, якія дапамагалі рас. войску, можа быць атрад сялян в.Жарцы (Полацкі пав.) на чале з М.Маркавым. Гэта вёска апынулася паміж 2 корпусамі — франц. маршала Н.Ш.Удзіно і рас.ген. П.Х.Вітгенштэйна. Усё дарослае насельніцтва сяла разам з казакамі ўдзельнічала ў 2 бітвах з захопнікамі, разам з дружыннікамі пецярбургскага і наўгародскага апалчэння вызваляла Полацк. 22 чал. з іх былі ўзнагароджаны крыжамі і «Пахвальнымі граматамі». Сяляне некаторых вёсак Барысаўскага, Ігуменскага і інш.пав. нападалі на хлебазапасныя магазіны, рабавалі памешчыкаў, палілі іх маёнткі. П.р. і народнае апалчэнне ў вайне 1812 садзейнічалі разгрому арміі Напалеона, выгнанню яго з Расіі.
Літ.:
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Жилин П.А. Гибель наполеоновской армии в России. М., 1968;
Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988;
Кузьмичев А.П., Аверченков И.А. «Я зашел на дорогу Бонапартьеву». Смоленск, 2000.
Да арт.Партызанскі рух у вайну 1812. Напад сялян на французскіх фуражыраў. Мастак М.Дамашчанка.Да арт.Партызанскі рух у вайну 1812. Партызаны. Невядомы мастак пач. 19 ст.