ЖАКО́ЎСКІ (Рамуальд) (1897—1.1.1919),

бел. акцёр. У 1917—19 у трупе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Выканаўца характарных роляў (Пісар і Кукса — «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, сват Якуб — «Модны шляхцюк» К.​Каганца і інш.). Стварыў глыбока псіхал. вобраз Старца ў «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы. Выступаў з чытаннем вершаў бел. паэтаў (часам і сваіх) у дывертысментах.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жакоўскі Р. 2/246; 8/399; 12/634

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.​Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Р.​Жакоўскі, А.​Крыніца, М.​Міцкевіч, Л.​Навахацкая, Ч.​Родзевіч, В.​Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Кветка папараці» К.​Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.​Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.​Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. работу.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам

(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.​Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар. т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.​Тэраўскі),

танц. група (кіраўнік Ч.​Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.​Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.​Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел. прафес. тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел. дзярж. т-ра (з 1944 Бел. т-ра імя Я.​Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.​Адуцкевіч, Т.​Бандарчык, Я.​Беларус, В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Г.​Грыгоніс, Р.​Жакоўскі, Ждановіч, В.​Жылінскі, М.​Зароская, А.​Іваноў, А.​Крыніца, М.​Кудзелька (М.​Чарот), Я.​Лабаноўская, М.​Лабаноўскі, А.​Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.​Міронава, М.​Міцкевіч, П.​Мядзёлка, Л.​Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.​Ржэцкая, К.​Саннікаў, Е.​Станкевіч, С.​Станюта, В.​Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Антось Лата» Я.​Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.​Чэхава і інш.

Літ.:

Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;

Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.

У.​І.​Няфёд.

Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)