АМПЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. amplificatio пашырэнне),

стылістычная фігура ў паэтыцы, шэраг аднатыпных слоў ці словазлучэнняў (эпітэтаў, параўнанняў і інш.) для ўзмацнення выразнасці мовы. Напр., «Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае, // Маё беларускае, роднае, кроўнае, // Такое раптоўнае, такое чароўнае, // Такое ласкавае, цёплае, чыстае, // Як сонца агністае, // Як Нёман, празрыстае, // Як казка, быліна, як песня, жаданае, // Дагэтуль яшчэ ў жыцці неспазнанае, // Гарачае слова ад шчырага сэрца!» (Д.Бічэль-Загнетава «Роднае слова»).

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́Я,

успрыманне будучыні, калі жаданае або неабходнае бачыцца як рэальнасць, якая павінна здзейсніцца. Фарміруецца ў выніку пазнання аб’ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове назапашанага суб’ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.). У прадказанні магчымага развіцця падзей Н. адыгрывае ролю ўнутр. рэгулятара дзейнасці, які дапамагае чалавеку вызначаць яе вынікі і мэтазгоднасць, адлюстроўвае жыццёвыя спадзяванні асобы і грамадства. У этыцы хрысціянства Н. (асабліва на пасмяротную ўзнагароду) разам з верай і любоўю належыць да гал. дабрачыннасцей, выяўляе Ідэю перакананасці ў справядлівасці і міласэрнасці божай. Гарантам рэліг. Н. лічыцца Хрыстос, а сродкамі яе ажыццяўлення — малітва і прытрымліванне запаведзей аб шчасці.

В.В.Краснова.

т. 11, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)