ЖАБІ́НСКАЯ (Марыя Пятроўна) (н. 22.5.1938, в. Карані Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва, мастацтвазнавец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1961), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працавала ў праектна-тэхнал. ін-це «Белмясцпрампраект», Рэсп. доме нар. творчасці, навукова-метадычным цэнтры культуры, цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Аўтар-складальнік альбомаў, каталогаў, метадычных дапаможнікаў і ілюстрацый да іх і ў т. л. да энцыклапедычных выданняў («Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя», на рус. мове, т. 4), у якіх даследуе бел.нар. мастацтва: «Мастацтва сяла Неглюбка» (1976), «Арнамент беларускіх народных тканін» (1983), «Адраджэнне забытага рамяства» (1985), «Свет вачыма дзяцей» (1992) і інш. Адна са стваральнікаў краязнаўчага музея ў в. Моталь Іванаўскага р-на (1984—87).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жабінская М. П. 7/295; 10/256—257 (укл.), 259
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ГЛЮБСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі з в. Неглюбка і навакольных вёсак Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Ткуць з ільняных, баваўняных нітак, часам дадаюць мулінэ, шоўк, ірыс; даўж. ручніка 350—500 см, шыр. 40—50 см, арнамент 80—140 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і пераборная. Пераважае старадаўні геам. і геам.-расл. арнамент, які часам мае асаблівыя назвы («крывулі», «кепцы» і інш.). Узор, змешчаны на канцы ручнікоў, складаецца з 5—9 шырокіх гарыз. арнаментальных палос, дзе 2—4 рознага ўзору, далей шырокая іншага характару, потым у люстэркавым адбіцці паўтараюцца першыя. Сярэдзіна ручніка запаўняецца рытмічна размешчанымі вузкімі каляровымі арнаментальнымі палоскамі. Канец з трох бакоў абшываецца кароценькімі, у колер закладак мохрыкамі, часам аздабляецца карункамі, вязанымі кручком. Колеравая гама Н.р. яркая, пераважае чырвоны, пашыраны чорны і белы колеры. У апошні час трапляецца зялёны, сіні, жоўты. У 1977 у в. Неглюбка створаны ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сярод ткачых Е. і М. Барсуковы, Г.Грынькова, Т.Дзеранок, Е.Кавалёва, М.Кароткая, М.І. і М.П. Каўтуновы, С.Мельнікава, М.Прыходзька. Г.Суглоб, В.Халюкова і інш. Н.р. экспанаваліся на айч. і сусв. выстаўках.
Літ.:
Жабінская М.П. Мастацтва сяла Няглюбка: [Фотаальбом]. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЖНЯ́К (Тарас Мікалаевіч) (н. 9.3.1924, в. Цернаўка Смелянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1949). Працаваў у Львове. У 1965—98 у Бел.АМ (з 1988 заг. кафедры). Працуе ў галіне керамікі («Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1970; скульптура «Даніла Галіцкі», 1974; пано «Мінск», 1977; вазы «Над Віліяй», 1988, «Белавежская пушча», 1993, «Кветкі», 1999, «Марскі брыз», 2000; дэкар. кампазіцыя «Караблікі і дэльфіны», 1966, і інш.), шкла (вазы «Кожнаму чацвёртаму», 1982, «Восень», 1987; скульптура «Пінгвіны», 1987; кампазіцыі «Чорная быль», 1988, «Поры года», 1989, і інш.), металу (партрэт Героя Сав. Саюза С.І.Грыцаўца, 1967, і інш.). Аўтар афармленчых работ у Палацы чыгуначнікаў (1978), Палацы шлюбаў Заводскага р-на (1981—83), гандл. цэнтры «Валгаград» (1984) у Мінску, палацах культуры нафтавікоў у Наваполацку (1967), саўгаса «Прагрэс» Брэсцкай вобл. (1984), будынку шпіталя для інвалідаў Вял.Айч. вайны ў в. Бараўляны Мінскага р-на (1986) і інш. Творы адметныя дакладнасцю кампазіцыі, вобразнай выразнасцю.