Е́СЕНІК (Jesenik),

кліматычны курорт у Чэхіі. На схілах аднайм. гор паблізу мяжы з Польшчай. Развіваецца з 19 ст., калі мясц. лекарам-практыкам была пабудавана першая ў Еўропе водалячэбніца. Умераны клімат, ахаванасць ад вятроў, хваёвыя лясы ствараюць умовы для лячэння хвароб ц. н. с. (пераважна неўрозаў) і органаў дыхання. Папулярнае месца адпачынку, турызму і зімовага спорту. У наваколлі арх.-гіст. помнікі (стараж. замкі), помнікі прыроды (пячоры, горныя і лясныя комплексы і інш.).

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)