Дягилев В. Я. 10/468

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«МИР ИСКУ́ССТВА»,

літаратурна-мастацкі ілюстраваны часопіс, пад эгідай якога сфарміравалася аднайм. маст. аб’яднанне (гл. «Свет мастацтва»), да 1903 друкаваліся таксама творы пісьменнікаў-сімвалістаў. Выдаваўся ў 1898/99—1904 у Пецярбургу (у 1899 М.​К.​Ценішавай і С.​І.​Мамантавым, у 1900—04 С.​Дзягілевым). Заснавальнік і гал. рэдактар Дзягілеў, з 1903 рэдактарам быў таксама А.​Бенуа. У галіне выяўл. мастацтва часопіс сцвярджаў эстэт. пазіцыю аб’яднання «Свет мастацтва», папулярызаваў рус. мастацтва 18 — пач. 19 ст., нар. творчасць, уздымаў праблемы рас. і замежнага маст. жыцця (артыкулы і нарысы Бенуа, І.​Грабара, Дзягілева і інш., пераклады з замежных выданняў, рэпрадукцыі твораў мастацтва). У літ. частцы «М.и.», якую ўзначальваў Дз.​Філасофаў, змяшчаліся рэліг.-філас. творы Дз.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, Л.​Шастова, В.​Розанава, літ.-крытычныя артыкулы В.​Брусава і А.​Белага. Публікаваліся таксама артыкулы па пытаннях эстэтыкі, маст. адукацыі, рэцэнзіі, нарысы пра тэатр., муз., арх. жыццё і інш. У афармленні часопіса ўдзельнічалі Л.​Бакст, Я.​Лансерэ, К.​Сомаў і інш. У 1903 выходзіла асобнае выданне «Хроника журнала «Мир искусства».

Літ.:

Лапшина Н. «Мир искусства». М., 1977;

Лифарь С. Дягилев. СПб., 1993.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́СІН ((Massine) Леанід Фёдаравіч) (8.8.1895, Масква —15.3.1979),

расійскі і франц, танцоўшчык, балетмайстар. Скончыў Маскоўскае тэатр, вучылішча (1912), вучань А.Горскага. З 1912 у Вял. т-ры ў Маскве, у 1914—28 (з перапынкам) у трупе Рускі балет Дзягілева. З 1932 у франц. трупе «Бале рус дэ Монтэ-Карла» (з 1933 гал. балетмайстар), з 1947 ставіў балеты ў т-рах Еўропы і ЗША. Сярод партый: Іосіф («Легенда пра Іосіфа» Р.​Штрауса), Пятрушка («Пятрушка» І.​Стравінскага), Млынар («Трохвуголка» М. дэ Фальі) і інш. З 1915 і харэограф. Узбагаціў выразныя сродкі балетнай сімфоніі як жанру 20 ст. Яго жанрава-характарныя пастаноўкі ўключалі танец, мастацтва і фальклор розных краін і эпох: «Жанчыны ў добрым настроі» на муз. Д.​Скарлаці, «Трохвуголка»; «Пульчынела» і «Песня салаўя» на муз. Стравінскага, «Меркурый» Э.​Саці, «Цудоўны Дунай» на муз. І.​Штрауса, «Стальны скок» С.​Пракоф’ева. Пастаўленыя ім сімф. балеты вызначаліся эмацыянальнасцю, маляўнічасцю: «Прадвесце» на муз. 5-й сімф. П.​Чайкоўскага, «Фантастычная сімфонія» на муз. Г.​Берліёза, «7-я сімфонія» на муз. Л.​Бетховена, «Чырвонае і чорнае» на муз. 1-й сімф. і «Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча. Аўтар успамінаў «Маё жыццё ў балеце» (1960, рус. пер. 1997).

Літ.:

Тихонова Н. Девушка в синем. М., 1992;

Лифарь С. Дягилев. СПб., 1993.

Л.Мясін у ролі Іосіфа.

т. 11, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),

рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.​Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.​Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.​Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, а таксама К.​Дэбюсі, М.​Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.​Фокін, В.​Ніжынскі, Л.​Мясін, Б.​Ніжынская, Дж.​Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская.

М.​Мордкін, Г.​Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;

Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;

Лифарь С. М.​С.​Дягилевым. СПб., 1994.

С.П.Дзягілеў Фрагмент карціны Л.​Бакста. 1906.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФА́Р ((Lifar) Серж) (Сяргей Міхайлавіч; 15.4.1905, Кіеў — 15.12.1986),

расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.​Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.​Саге, «Ода» Н.​Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.​Міё, «Матросы» Ж.​Арыка, «Баль» В.​Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.​Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.​Пракоф’ева, К.​Дэбюсі, М.​Равеля, М. дэ Фальі, П.​Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.

Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус. пер. — Мемуары Икара. М., 1995.

Літ.:

Плещеев А. С.​Лифарь. Париж, 1938;

Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофьев М. Профили искусства. М., 1965;

Тихонова Н. Девушка в синем. М. 1992.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)