ФРОМ (Fromm) Эрых (23.3.1900, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 18.3.1980),
нямецкі і амерыканскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; прадстаўнік неафрэйдызму. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (1922). З 1929 у Ін-це сац. даследаванняў (Франкфурт-на-Майне). З 1933 у ЗША. Выкладаў у Ін-це псіхааналізу ў Чыкага, у Калумбійскім, Іельскім, Мічыганскім ун-тах. З 1945 у Ін-це псіхіятрыі. У 1951—67 у Нац. ун-це (Мехіка). З 1974 у Швейцарыі. Паводле яго філасофіі, асоба з’яўляецца прадуктам дынамічнага ўзаемадзеяння паміж прыроджанымі патрэбнасцямі і ўплывам культуры, сац. норм і прадпісанняў. Лічыў, што неад’емнай рысай чалавечага існавання ў сучасным «хворым» грамадстве з’яўляюцца адзінота, ізаляцыя і адчужэнне, якія спадарожнічаюць дасягнутаму ўзроўню свабоды. Раскрыў шляхі, якія выкарыстоўваюцца людзьмі для пераадолення гэтых пачуццяў («уцёкаў ад свабоды»); аўтарытарызм (празмерная залежнасць ад знешніх сіл, кантроль над інш. людзьмі), дэструктыўнасць (знішчэнне або пакарэнне іншых), аўтаматызаваны канфармізм (страта індывідуальнасці, абсалютнае падпарадкаванне сац. нормам і правілам). На яго думку, шлях да пабудовы «здаровага» грамадства ляжыць праз маральнае абнаўленне, творчую працу, духоўнае ачышчэнне чалавека, раскрыццё яго здольнасцей. Распрацаваў канцэпцыю «сац. характару», асн. тыпы якога: рэцэптыўны (пасіўнасць, даверлівасць); эксплуатуючы (эгацэнтрызм, агрэсіўнасць); накапляльны (жаданне авалодаць матэрыяльнымі дабротамі і ўладай, кансерватыўнасць); рыначны (асоба як тавар, неразборлівасць у сродках дасягнення мэты, духоўная апустошанасць); прадуктыўны (незалежнасць, здольнасць для творчага мыслення, любові, працы). Лічыў, што людзі з прадуктыўнай арыентацыяй маглі б скласці дасканалае грамадства — «гуманістычны абшчынны сацыялізм».
Тв.:
Рус. пер. — Душа человека. М., 1992;
Искусство любви. М., 1996;
Бегство от свободы;
Человек для себя. Мн., 1998;
Анатомия человеческой деструктивности. Мн., 1999;
Величие и ограниченность теории Фрейда. М.; Мн., 2000.
Э.С.Дубянецкі.
т. 16, с. 480