Дэрматыт 3/104; 4/368; 9/569

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТЫ́Т (ад дэрма + ...іт),

запаленне скуры. Узнікае ад дзеяння на скуру фіз. (доўгае трэнне і ціск, высокія і нізкія т-ры, радыяцыя), хім. (к-ты, солі, лек. прэпараты, касметыка і інш.), раслінных фактараў. Штучныя Д. бываюць ад уздзеяння раздражняльнікаў, алергічныя — ад паўторных уздзеянняў раздражняльнікаў, якія выклікаюць сенсібілізацыю арганізма. Адрозніваюць Д. востры і хранічны. Прыкметы; пачырваненне і ацёк, пухіры, боль, сверб, пякота. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, мясцовае — процізапаленчыя сродкі.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ЛАСЦЬ,

інтэртрыгінозны дэрматыт, запаленне скуры, якое ўзнікае пры трэнні і мацэрацыі. Прычыны: узмоцненае потавыдзяленне, нетрыманне мачы, белі і інш. Часта бывае ў дзяцей першага года жыцця, у поўных людзей. Можа ўскладняцца пры далучэнні інфекцыі (інфекц. П.). Лячэнне тэрапеўт., захаванне гігіены скуры.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КНЕ КЕЛО́ІД, сасочкавы дэрматыт галавы, склеразуючы фалікуліт патыліцы,

хвароба мужчын. Існуе меркаванне, што ўзбуджальнік — залацісты стафілакок. На патыліцы на мяжы росту валасоў, зрэдку на падбародку з’яўляюцца дробныя вузельчыкі, якія групуюцца і зліваюцца паміж сабой. Скура робіцца цвёрдай, валасы растуць пучкамі. Пасля ўскрыцця фалікулярных вузельчыкаў застаюцца келоідныя рубцы.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАФЕНО́ЛЫ,

арганічныя араматычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; C6H4(NH2)OH. Вядомы крышталічныя ізамеры амінафенолаў, орта-амінафенолы, tпл 174 °C; мета-амінафенолы, tпл 123 °C і пара-амінафенолы, tпл 186 °C. Амфатэрныя, утвараюць солі з кіслотамі і шчолачамі. Атрымліваюць аднаўленнем адпаведных нітроза- і нітрафенолаў. Ізамеры (мета- і пара-амінафенолы) выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра (карычневы колер), пара-амінафенолы і яго вытворныя — праявіцелі ў фатаграфіі. Амінафенолы могуць выклікаць дэрматыт.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,

група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.

Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял. функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр. пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАМЕ́ННЫЯ ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,

ненасычаныя тлустыя к-ты, неабходныя для росту і развіцця млекакормячых. Да іх адносяцца лінолевая кіслата, ліналенавая кіслата, арахідонавая кіслата, а таксама некаторыя інш. ненасычаныя тлустыя к-ты агульнай ф-лы CH3(CH2)x(CH=CHCH2)y(CH2)zCOOH (дзе x = 1,4,5,7, y = 1-6, z = 0-7), што маюць ад 18 да 24 атамаў вугляроду ў малекуле і цыс-канфігурацыю. З’яўляюцца структурнымі кампанентамі гліцэрыдаў, а таксама фосфаліпідаў, якія ўваходзяць у састаў біял. мембран; удзельнічаюць у біясінтэзе простагландзінаў. Колькасць Н.т.к. канчаткова не вызначана.

Лінолевая і α-ліналенавая к-ты не сінтэзуюцца ў жывёльных арганізмах, трапляюць у арганізм з ежай (алей, жывёльны тлушч). Арахідонавая і інш. Н.т.к. з’яўляюцца метабалітамі лінолевай і α-ліналенавай кіслот (могуць сінтэзавацца ў арганізме). Недахоп Н.т.к. выклікае дэрматыт. Патрэбнасць чалавека ў Н.т.к. каля 10 г у суткі (у пераліку на лінолевую к-ту).

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВЫЯ ПАШКО́ДЖАННІ,

паталагічныя змены ў тканках і органах ад дзеяння іанізавальнага выпрамянення пры мясц. іх уплыве. Узнікаюць пераважна як ускладненні ад прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Выклікаюць склероз, аблітэрацыю крывяносных сасудаў, дэгенерацыю нерв. канцоў, гібель клетак парэнхімы. Цяжкасць мясц. П.п. залежыць ад віду выпрамянення, сумарнай дозы, рэжыму фракцыяніравання, працягласці перыяду пасля прамянёвай тэрапіі і інш. Падзяляюцца на прамянёвыя рэакцыі і П.п.

Прамянёвыя рэакцыі (зваротныя прамянёвыя дэрматыты) — запаленчыя або дыстрафічныя змены паверхневых слаёў скуры, гояцца без спец. лячэння. П.п. скуры — незваротныя прамянёвыя дэрматыты) — дэструктыўныя змены скуры. Бываюць раннія П.п. (узнікаюць у працэсе апрамянення або ў першыя 3 месяцы) і познія (звыш 3-х месяцаў пасля заканчэння апрамянення). Да ранніх П.п. скуры адносяць эрытэматозны, вільготны, сухі дэрматыты, раннюю прамянёвую язву; да позніх — атрафічны дэрматыт, прамянёвы фіброз, познюю прамянёвую язву, прамянёвы рак. Лечаць раннія П.п. скуры тэрапеўт. сродкамі, познія — хірург. аперацыямі.

А.​С.​Маўрычаў.

т. 13, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)