Дэрматозы 4/368

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТО́ЗЫ [ад дэрма + ...оз(ы)],

прыроджаныя і набытыя паталаг. працэсы ў скуры і яе прыдатках (валасах, пазногцях). Вядома каля 2000 Д. Выклікаюцца экзагеннымі (хім., фіз., біял.) і эндагеннымі (ачаговыя інфекцыі, агульныя інфекц. хваробы, інтаксікацыі) прычынамі, парушэннямі абмену рэчываў, функцыі залоз унутр. сакрэцыі, крова- і лімфазвароту, пашкоджаннем нерв. сістэмы, нястачай вітамінаў. Прыроджаныя Д. бываюць пры інтаксікацыях, інфекцыях, парушэннях кровазвароту плода ва ўлонні маці. Д. пашкоджваюць увесь арганізм або асобныя органы і сістэмы. Лячэнне агульнае (прычыннае) і мясцовае (сімптаматычнае). Гл. таксама Высыпка.

М.З.Ягоўдзік.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНО́ЗЫ [ад грэч. arachnē павук + ...оз(ы)],

хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца ядавітымі і паразітычнымі павукападобнымі (пераважна кляшчамі). З ядавітых павукоў асабліва небяспечныя тарантул, каракурт; сярод арахнозаў, якія выклікаюцца кляшчамі (акарозаў), шырока вядомы кароста, многія дэрматозы. Асабліва цяжка хварэюць маладыя і знясіленыя жывёлы.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАКІНА́ЕВА (Лідзія Іларыёнаўна) (5.4.1905, в. Мязга Валагодскай вобл., Расія — 29.1.1990),

бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н. (1963), праф. (1964). Скончыла 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1938). З 1946 працавала ў ім. У 1963—77 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па піядэрміі, туберкулёзе скуры, абмене рэчываў у хворых на дэрматозы, па псарыязе.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЭРЫЁЗ (ад а... + грэч. pteron пяро + ...оз),

хвароба птушак, якая характарызуецца затрымкай або поўным прыпыненнем росту пер’я. Часцей сустракаецца ў маладняку вадаплаўнай птушкі пры антысанітарным утрыманні, адсутнасці водных выгулаў, недахопе ў рацыёне амінакіслот (цысціну, лізіну, метыяніну). Пры аптэрыёзе прыпыняецца функцыя хвастцовай залозы, намакае покрыўнае пер’е, зніжаецца імунна-біял. рэактыўнасць арганізма, у выніку ўзнікаюць дэрматозы скуры і прастудныя захворванні.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАЛО́ГІЯ (ад дэрмата... + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае функцыі і структуру скуры ў норме і пры паталогіі, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб скуры. Адрозніваюць агульную (вывучае анатомію, гісталогію, фізіялогію, біяхімію здаровай і хворай скуры, агульныя заканамернасці развіцця скурных хвароб) і прыватную Д. (даследуе асобныя дэрматозы). Цесна звязана з інш. галінамі клінічнай медыцыны, асабліва з венералогіяй.

Захворванні скуры са старажытнасці вядомы народам Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма. Аднак Д. як навука сфарміравалася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., пасля стварэння аўстр. ўрачом І.Пленкам і пазней англ. урачом Р.Уіленам першапачатковай класіфікацыі хвароб скуры, заснаванай на марфал. прынцыпе (паводле знешніх праяўленняў хвароб). Пачалі фарміравацца дэрматалагічныя школы. У 2-й пал. 19 ст. Д. аб’ядналася з венералогіяй у адну мед. дысцыпліну — дэрматавенералогію. Заснавальнікі Д. ў Расіі — А.Г.Палацебнаў, Ц.П.Паўлаў, А.І.Паспелаў, П.В.Нікольскі — развівалі фізіял. кірунак у Д., зыходзячы з уяўленняў аб цеснай сувязі скуры з цэласным арганізмам.

На Беларусі даследаванні па Д. пачаліся ў 19 ст. Станаўленне і развіццё Д. як навукі звязана з заснаваннем кафедры дэрматавенералогіі на мед. ф-це БДУ (1923) і дзейнасцю кафедраў у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Даследаванні па Д. вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па Д. і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Поспехі айчыннай Д. ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы піядэрмітаў, каросты, псарыязу і інш. дэрматозаў звязаны з імёнамі А.Я.Пракапчука, А.Ц.Сасноўскага, Л.І.Гакінаевай, А.П.Комава, Я.С.Пеўзнера, Л.І.Багдановіча, М.З.Ягоўдзіка, Л.Г.Барабанава і інш. бел. вучоных.

Літ.:

Скрипкин Ю.К. Кожные и венерические болезни. М., 1980;

Дифференциальная диагностика кожных болезней. М., 1983.

Л.Г.Барабанаў.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)