Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),
1) сярэбраная манета Стараж. Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.
3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. вядомы білонны двайны Д.
6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Двайны дэнарый 3/85; 4/162
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБУС (лац. denarius albus белы дэнарый),
высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш.ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЎЛЯ́НСКІЯ СКА́РБЫ.
Знойдзены ў 1965 два скарбы (кожны ў гліняным гаршку) на паселішчы каля в. Гараўляны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Схаваны ў сярэдзіне 11 ст. Адзін скарб складаўся з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў (кавалкі дроту, загатоўкі для пласціністага бранзалета, спражка), шыфернага прасліца, 220 дырхемаў Арабскага халіфата, 185 дэнарыяў Англіі, Германіі, Францыі, Чэхіі. У другім былі цэлыя і фрагментаваныя сярэбраныя ювелірныя вырабы (бранзалеты, пярсцёнак, загатоўкі ўпрыгожанняў), шкляныя залачоныя пацеркі, 15 манет-перайманняў куфіцкіх дырхемаў у выглядзе брактэатаў з вушкамі для падвешвання, 134 пераважна фрагментаваныя дырхемы Арабскага халіфата, дэнарый Чэхіі. Скарбы, магчыма, былі сыравіннымі запасамі ювеліраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТА (лац. moneta),
грашовы знак, адзін з законных плацежных сродкаў. Стандартызаваны па памерах, пробе, масе кавалак каштоўнага металу правільнай формы, які можа прымацца не на вагу, а на лік, або грашовыя метал. знакі з медзі, бронзы, нікелю, алюмінію, цынку і інш. У адрозненне ад зліткаў мае па ўсёй паверхні адбітак штэмпеля з выявамі і надпісамі (з 2-й пал. 16—17 ст. і на гурце), якія засцерагалі М. ад падробкі, абразання і гарантавалі яе якасць ад імя імітэнта. Назву традыцыйна звязваюць з адным з імён вярх. рымскай багіні Юноны (Рэгіна — царыца, Соспіта — збавіцельніца; Манета — дарадчыца), пры храме якой у 3 ст. да н.э. ў рымскім Капітоліі знаходзіўся манетны двор. Першыя М. з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст. да н.э. Надпіс «Moneta» сустракаецца на стараж.-рымскіх М., ранніх зах.-еўрап. дэнарыях; як частка легенды — на еўрап. М., што абарачаліся і ў ВКЛ з 14 ст., і ў легендзе М. ВКЛ. У 16 ст. ў ВКЛ М. называлі сярэднія наміналы, меншыя за талер, але большыя за пенязь (дэнарый); у 17 ст. — і талерную з удакладненнем «добрая», «твардая», а таксама дробную з удакладненнем «шэлядная» М. У бел. пісьмовых крыніцах на працягу 15—18 ст. сустракаюцца М. белая, М. бітая, М. важная, М. грубая, М. давна, М. добрая, М. старадавна, М. цвёрдая, М. цалковая як вызначэнне дабраякаснай, і М. фальшывыя, да якіх ставіліся як да непажаданых. Па манетнай стапе ў 16 ст. адрознівалі М. літоўскую і М. польскую (адпавядала 8/10 літоўскай). Паводле прызначэння вылучаюць М. абяговую, М. данатыву («падарункавая»), М. камемаратыўную (памятная), М. пробную, М. навадзельную і М. антыкварную падробку. Паводле функцыі ў грашовым абарачэнні адрозніваюць М. паўнавартасную (банкаўскую) і разменную (дробную, білонную). Залежна ад тэхнікі вырабу М. адносяць да літых (адлітых у форму з выявамі), чаканеных (атрыманых з дэфармацыяй процілеглага ад выявы боку, аднабаковых), бітых (штампаваных), вальцаваных (зробленых пракаткаю). Паводле металу М. падзяляюцца на мона- і біметалічныя, у т. л. плакіраваныя (з ядром з інш. металу). М. мае манетнае поле з выявамі і легендамі на ім, апушку па краі поля, гурт. Гал. характарыстыкі М. — проба і маса (у стараж. нарматыўных дакументах апісвалася паняццем стапа); існавалі дапушчальныя адхіленні (рэмедыум) па масе, пробе і таўшчыні. У нумізматычных апісаннях істотную ролю адыгрывае фіксацыя суадносін восей выяў аверса (гал. бок) і рэверса (адваротны бок) М. адносна адзін аднаго. Гісторыю манетных сістэм і абарачэння М. у якасці грошай, М. як артэфакты, тэхніку манетнай справы вывучае нумізматыка.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
І.Л.Сінчук.
Да арт.Манета. Рымскі дэнарый (каля 45 да н.э.) з выявамі багіні Юноны-Манеты і інструментаў манетчыка.