Вантозскія дэкрэты 10/630
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
1) адзін з асноўных метадаў ажыццяўлення дзяржавай сваіх функцый, які выяўляецца ў выданні органамі дзярж. улады законаў.
2) Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў цэлым, або адзін з відаў грамадскіх адносін (цывільнае, крымін., зямельнае З. і г.д.). У Рэспубліцы Беларусь паняцце «З.» звычайна ўключае: Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйныя законы, законы і пастановы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, дэкрэты, распараджэнні і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы СМ Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЦИОНА́ЛЬНАЯ ЭКОНОМИ́ЧЕСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
штотыднёвая газета. Выходзіць са снеж. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Асвятляе пытанні эканам. жыцця краіны. Друкуе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы прэзідэнта краіны, пастановы СМ, дакументы мін-ваў і ведамстваў і каментарыі да іх. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Эканамічная палітыка», «Працоўныя адносіны», «Фінансы», «У дапамогу падаткаплацельшчыку», «Дасье бухгалтара», «Мытны кур’ер», «Гаспадарка і права» і інш. Мае ўкладыш «Информбанк».
Г.Ф.Радзюк.
т. 11, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАБА́Т»,
газета, орган выканкома Савета рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Аршанскага пав. Выдавалася з сак. 1918 да мая 1920 у Оршы на рус. мове. Да кастр. 1918 наз. «Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда». Змяшчала дэкрэты, пастановы і інш. афіц. матэрыялы сав. ўрада і мясц. органаў улады. У рубрыках «Рабочае жыццё», «Жыццё вёскі», «Па павеце», «З жыцця чырвонаармейцаў», «Старонка юнага пралетарыя» і інш. шырока асвятляла мясц. жыццё. Апошні вядомы нумар 107 ад 23.5.1920.
т. 11, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ЧЛЕ́НАЎ УСТАНО́ЎЧАГА СХО́ДУ,
антыбальшавіцкі праваэсэраўскі орган улады ў Расіі ў чэрв.—вер. 1918 на тэр. Самарскай, Сімбірскай, Казанскай, Уфімскай і часткі Саратаўскай губерняў у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22. Утвораны ў Самары 8 чэрв. пасля захопу горада часцямі Чэхаслав. корпуса. Адмяніў дэкрэты сав. улады аб нацыяналізацыі прам-сці і банкаў, аднавіў органы кіравання, якія існавалі да Кастр. рэвалюцыі 1917, з добраахвотнікаў і мабілізаваных стварыў т. зв. народную армію (17—21 тыс. чал.). У выніку наступлення Чырв. Арміі пакінуў Самару, 23 вер. перадаў уладу Уфімскай дырэкторыі.
т. 7, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ ПРА́ВА,
дзяржаўна-афіцыйная форма выяўлення і замацавання прававых норм. У сучасных прававых сістэмах асн. віды К.п.: нарматыўныя акты і прававыя звычаі, суд. прэцэдэнты, а таксама міжнародныя дагаворы і ўнутрыдзярж. дагаворы. Нарматыўныя акты звычайна падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У Рэспубліцы Беларусь К.п. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (асн. закон), канстытуцыйныя і звычайныя законы, рэгламенты і нормавызначальныя пастановы палат Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Савета Міністраў, падзаконныя акты органаў выканаўчай улады, пастановы Канстытуцыйнага суда, міжнар. дагаворы і пагадненні, акты органаў мясц. кіравання і інш.
т. 8, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА III А́РМИИ»,
газета. Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Полацку на рус. мове 5—6 разоў на тыдзень. У снеж. 1917 — студз. 1918 выходзіла пад назвамі; «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии», «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Як выданне бальшавіцкага кірунку прапагандавала дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, ухваляла Кастр. падзеі, друкавала загады і распараджэнні ВРК, рэзалюцыі салдацкіх і рабочых сходаў, а таксама лісты ў падтрымку новай улады. Асвятляла дзейнасць вайсковых арг-цый і з’ездаў. Асуджала дзейнасць Бел. рады як «контррэвалюцыйную», апраўдвала разгон Усебел. з’езда 1917.
М.Я.Сяменчык.
т. 7, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЕВОЛЮЦИО́ННАЯ СТА́ВКА»,
бальшавіцкая газета, орган Ваенна-рэв. к-та пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Выдавалася з 26.11.1917 да канца лют. 1918 у Магілёве на рус. мове штодзённа. З 19.12.1917 орган Цэнтр. к-та дзеючых армій і флоту (Цэкадарф). Сваёй мэтай абвяшчала «самае шырокае і падрабязнае асвятленне ўсіх бакоў салдацкага жыцця». Змяшчала дэкрэты і распараджэнні СНК, загады Вярх. галоўнакамандуючага, ВРК пры Стаўцы. Значнае месца адводзіла пытанням вайны і міру, фарміравання новай рабоча-сял. арміі. З інтэрнацыяналіст. пазіцый асвятляла канфлікты Сав. улады з бел. рухам, укр. Радай, польскім корпусам ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. Друкавала паведамленні з замежнага жыцця, зводкі з франтоў, тэлеграмы тэлегр. агенцтваў, справаздачы аб разнастайных з’ездах. Пэўнае месца адводзіла асвятленню грамадска-паліт. жыцця Магілёва і губерні. Пасля эвакуацыі Стаўкі з Магілёва ў выніку наступлення герм. войск выданне спынена.
М.Я.Сяменчык.
т. 13, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ УСЕРАСІ́ЙСКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых і салдацкіх дэпутатаў,
адбыўся 7—9.11(25—27.10).1917 у Петраградзе. Прысутнічала 649 дэлегатаў, 390 бальшавікоў, 160 эсэраў, 72 меншавікі, 14 аб’яднаных інтэрнацыяналістаў, у т. л. ад Беларусі і салдат Зах. фронту 51 дэлегат. Парадак дня: 1) аб арганізацыі ўлады; 2) аб вайне і міры; 3) аб зямлі. У 3 гадз 10 мін 8 ліст. (26 кастр.) з’езд атрымаў вестку, што ўзяты Зімні палац і арыштаваны Часовы ўрад. Меншавікі, правыя эсэры і бундаўцы (каля 70 чал.) адмовіліся прызнаць сацыяліст. рэвалюцыю і пакінулі з’езд. З’езд прыняў напісаную У.І.Леніным адозву «Рабочым, салдатам і сялянам!», якая абвяшчала пераход улады ў рукі Саветаў. Прыняў Дэкрэты аб міры і аб зямлі, рашэнне аб пераходзе ўлады на месцах да Саветаў і інш. На з’ездзе створаны першы сав. ўрад — Савет Народных Камісараў на чале з Леніным.
т. 6, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІФЕ́СТ ЧАСО́ВАГА РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАГА ЎРА́ДА БЕЛАРУ́СІ,
першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.Х.Жылуновічам і чл. ўрада А.Ф.Мясніковым, А.Р.Чарвяковым, С.В.Івановым, І.І.Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.
В.У.Скалабан, М.Ф.Шумейка.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)