Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙМАС,
спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 23,46 тыс.км. Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 16 км. Перыяд абарачэння вакол Марса 30 гадз 18 мін. Адкрыты А.Холам (1877, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРС,
чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн.км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн.км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл.Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 1023кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім.т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».
Літ.:
Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;
Поверхность Марса. М., 1980;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).Да арт.«Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).