Дыстрыбуцыя 3/600; 4/332—333
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),
сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт. Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.
Літ.:
Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.
Б.А.Плотнікаў.
т. 6, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Размеркаванне (у мовазнаўстве), гл. Дыстрыбуцыя
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́БА Павел Паўлавіч (15.1.1926, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 4.9 2000),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1972), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Акад. Бел. акадэміі адукацыі (1999). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). З 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1961 у БДУ (з 1974 заг. кафедры). Даследаваў граматыку і словаўтварэнне сучаснай бел. мовы, граматыку рус. мовы, рус.-бел. моўныя ўзаемаадносіны, бел. тапаніміку і анамастыку, методыку выкладання бел. і рус. моў у сярэдніх і вышэйшых навуч. установах. Аўтар манаграфій «Прыслоўе ў беларускай мове» (1962), «Дзеяслоў у беларускай мове» (1968), вучэбнага дапаможніка для студэнтаў «Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія» (1987). Сааўтар кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (ч. 1—3, 1957—61), «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Граматыка беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), «Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў» (1967, з В.Мартынавым, М.Ярмаш), «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985), «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (1994), падручнікаў для школ. Адзін са складальнікаў «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальнага слоўніка рускай мовы» (2-е выд., 1985, з А.Баханьковым, І.Гайдукевічам), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (5-е выд., 1996) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1969;
Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;
Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн., 1975;
Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў. Мн., 1993.
І.К.Германовіч.
т. 17, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл. Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.
Літ.:
Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;
Лесохин М.М., Лукьяненков К.Ф., Пиотровский Р.Г. Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982;
Арапов М.В. Квантитативная лингвистика. М., 1988;
Мартынаў В.У., Шуба П.П., Ярмаш М.І. Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў. Мн., 1967;
Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений. Мн., 1979;
Мартынов В.В. Принципы объективной семантической классификации // Полилог. Мн., 1998. Вып. 1.
В.У.Мартынаў.
т. 10, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
1) аспектны даведнік, асноўнай мэтай якога з’яўляецца апісанне граматычных (фармальных і зместавых) уласцівасцей рознаўзроўневых моўных адзінак. Падзяляюцца на наступныя тыпы. Марфемныя слоўнікі падаюць марфемную будову слоў («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Л.М.Шакуна, 2 выд., Мн., 1989); змяшчаюць вычарпальны пералік марфем, уласцівых пэўнай мове («Слоўнік марфем рускай мовы» А.І.Кузняцовай, Т.Ф.Яфрэмавай, М., 1986); адлюстроўваюць прадуктыўнасць (частотнасць) марфем і іх спалучальнасць («Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў» В.У.Мартынава, П.П.Шубы, М.І.Ярмаш, Мн., 1967). Лексічныя даведнікі граматычнага характару апісваюць словы пэўных часцін мовы з паказам семантычных і грамат. адносін паміж рознымі формамі аднаго і таго ж рэестравага слова («Рускі дзеяслоў і яго дзеепрыметныя формы: Тлумачальна-граматычны слоўнік» І.К.Сазонавай, М., 1989); тлумачаць словы службовых часцін мовы шляхам падачы да кожнага рэестравага слова пераліку агульных семантыка-сінтаксічных функцый, якія выконваюцца гэтым словам у сказе («Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў» П.П.Шубы, Мн., 1993). Сінтаксічныя слоўнікі змяшчаюць пералік сінтаксем пэўнай мовы з тэкставымі ілюстрацыямі да іх («Сінтаксічны слоўнік: Рэпертуар элементарных адзінак рускага сінтаксісу» Г.А.Золатавай, М., 1988). Стылістычныя даведнікі граматычнага характару падаюць пералік і частотнасць грамат. варыянтаў слоў і словазлучэнняў («Граматычная правільнасць рускага маўлення. Спроба частотна-стылістычнага слоўніка варыянтаў» Л.К.Граўдзінай, В.А.Іцковіча, Л.П.Катлінскай, М., 1976); тлумачаць і ілюструюць прыкладамі з тэкстаў адрозненні паміж варыянтнымі сінтаксічнымі канструкцыямі з аднолькавым апорным словам («Кіраванне ў беларускай і рускай мовах: Слоўнік-даведнік» Г.У.Арашонкавай, В.П.Лемцюговай, Мн., 1991). Граматычныя слоўнікі ўсіх тыпаў падаюць рэестравыя адзінкі ў прамым алфавітным парадку.
2) Аспектны даведнік па словазмяненні пэўнай мовы, у якім рэестравыя словы падаюцца ў адваротным алфавітным парадку (гл. Адваротны слоўнік), што дазваляе змяшчаць побач вял. масівы слоў з аднолькавым ці падобным тыпам словазмянення; да кожнага рэестравага слова змяшчаецца поўны набор звестак аб словазмяняльных формах («Граматычны слоўнік рускай мовы. Словазмяненне» А.А.Залізняка, 3 выд., М., 1987).
В.К.Шчэрбін.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)