ДЫ́МНЫ ПО́РАХ, чорны порах,

зярнёная механічная сумесь каліевай салетры (75%), драўнянага вугалю (15%) і серы (10% па масе). Лёгка загараецца і хутка згарае (цеплата згарання 32,3 МДж/кг) без доступу паветра з утварэннем газаў, здольных выконваць значную мех. работу. У Кітаі вядомы з 10—11 ст., у Еўропе — з 13 ст. Да сярэдзіны 19 ст. заставаўся адзіным брызантным выбуховым рэчывам. Выкарыстоўваюць пры здабычы штучнага каменю, для вырабу вогнеправоднага шнура. Гл. таксама Порах.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗДЫ́МНЫЯ ПО́РАХІ,

нітрацэлюлозныя порахі, кідальныя выбуховыя рэчывы, асн. кампанент якіх нітраты цэлюлозы, пластыфікаваныя арган. растваральнікамі. Падзяляюцца на піраксілінавыя порахі, балістыты і кардыты ў залежнасці ад віду нітрату цэлюлозы і лятучасці растваральніку. Значна перавышаюць дымны порах па ўстойлівасці гарэння і працаздольнасці. Выкарыстоўваюцца ў агнястрэльнай зброі і як ракетнае паліва. Назва па ўтварэнні нязначнай колькасці дыму пры гарэнні.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНА́ЦЫЯ,

1) хуткі працэс хім. ператварэння выбуховага рэчыва (ВР), які суправаджаецца выдзяленнем цеплыні і газападобных прадуктаў і распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю (у цвёрдых і вадкіх ВР да 9 км/с).

Пры Д. ўзнікае ўдарная хваля, што сціскае і награвае ВР і стварае ўмовы для працякання хім. рэакцый, энергія якіх у сваю чаргу падтрымлівае ўдарную хвалю і забяспечвае пастаянства скорасці яе распаўсюджвання. Пры Д. імгненна ўтвараецца значная колькасць газаў з высокім ціскам (для тратылу 20 ГПа). Д. выклікаецца дэтанатарам, эл. разрадам і інш. Пры расшырэнні сціснутых прадуктаў адбываецца выбух.

2) Хуткі, блізкі да выбуху працэс гарэння паліўнай сумесі ў поршневых рухавіках унутр. згарання з іскравым запальваннем. Суправаджаецца ўзнікненнем ударных хваль, няўстойлівай работай рухавіка (метал. стук у цыліндры, дымны выкід, перагрэў, знос дэталей і інш.). Узнікае пры неадпаведнасці паліва канструкцыі або рэжыму работы рухавіка. Устойлівасць бензінаў да Д. павышаюць выкарыстаннем антыдэтанатараў.

Да арт. Дэтанацыя. Схема дэтанацыйнай хвалі: 1 — размеркаванне ціску ў хвалі; 2 — фронт ударнай хвалі; 3 — прадукты хімічнай рэакцыі; 4 — зона хімічнай рэакцыі; 5 — выбуховае рэчыва.

т. 6, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)