арганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле 1 або 2 нітрозагрупы (-N=O), звязаныя з атамам вугляроду арган. радыкала, R-N=O. Звычайна Н. — раўнаважная сумесь манамераў і дымераў. Для дымераў характэрна геаметрычная ізамерыя; у дымерных Н. традс-ізамеры больш стабільныя.
У індывід. стане большасць Н. знаходзіцца ў дымернай форме. Наяўнасць электронаакцэптарных груп у радыкале Н. прыводзіць да існавання толькі манамераў (напр., нітрозатрыхлорметан CCl3NO). Манамерныя Н. — газы або вадкасці блакітнага ці зялёнага колеру, дымерныя — бясколерныя крышталі [напр., нітрозаметан, дымер (CH3NO)2]. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, амінакіслот, гетэрацыклічных злучэнняў, лек. прэпаратаў, эластамераў (фторкаўчуку). Некаторыя Н. з’яўляюцца канцэрагеннымі і мутагеннымі рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТУ АКСІ́ДЫ, азоту вокіслы,
злучэнні азоту з кіслародам. Адрозніваюць: геміяаксід N2O (аксід дыазоту) і монааксід NO — бясколерныя газы; сесквіяаксід N2O3 (дыазоту трыаксід) — пры звычайных умовах няўстойлівае злучэнне, пры ахаладжэнні светла-блакітная маса з tпл -102 °C; дыаксід азоту NO2 — буры газ (у вадкім і цвёрдым стане існуе яго дымер тэтрааксід дыазоту N2O4); аксід азоту N2O5 (пентаксід дыазоту) — бясколерныя лятучыя крышталі, няўстойлівыя і выбухованебяспечныя. Монааксід і дыаксід азоту парамагн. злучэнні. Аксід дыазоту і монааксід азоту — нясолеўтваральныя аксіды, сесквіяаксід утварае з вадой азоцістую кіслату, аксід азоту — азотную, тэтрааксід дыазоту — іх сумесь. Выкарыстоўваюцца пераважна NO2 як акісляльнік у вадкім ракетным паліве, пры ачыстцы нафтапрадуктаў, каталітычным акісленні арган. злучэнняў і NO — паўпрадукт у вытв-сці азотнай кіслаты. Азоту аксіды фізіялагічна актыўныя рэчывы: NO2 — «вяселячы газ» — выкарыстоўваецца для анестэзіі; NO дзейнічае на цэнтр.нерв. сістэму, у вял. канцэнтрацыях адмоўна ўплывае на формулу крыві (ГДК у паветры 0,0005 мг/л); NO2 выклікае ацёкі, зніжае крывяны ціск.