ЛУР,

1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс. н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз. Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.

2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.

І.​Дз.​Назіна.

Лур старажытны.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРН (ад ням. Horn рог),

медны духавы муз. інструмент без вентылей, з канічным каналам. Выкарыстоўваюць для падачы сігналаў у арміі.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫТО́Н (італьян. baritono),

1) мужчынскі голас сярэдняга рэгістру (паміж басам і тэнарам). Дыяпазон A — as​1. Вылучаюць лірычны барытон, больш мяккі і рухомы, бліжэй да драм. тэнара, і драматычны барытон, больш мужны і моцны, бліжэй да баса.

2) Басовы струнны смычковы інструмент сям’і віёлаў з 6—7 асноўнымі і 7—20 (і болей) рэзаніруючымі струнамі (выкарыстоўваліся і для ігры шчыпком).

3) Духавы медны муштучны інструмент з сям’і шырокамензурных вентыльных духавых інструментаў (саксгорнаў і інш.).

4) Абазначэнне разнавіднасцяў у сем’ях духавых інструментаў (напр., саксафон-барытон, барытонавы габой і інш.).

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНЫЯ ДУ́ДКІ, парнёўка, дудкі,

старажытны бел. народны духавы муз. інструмент тыпу падоўжнай свістковай флейты. Інш. назвы: пасвісцелі, сапілка, гуслі. Складаюцца з 2 драўляных дудак рознай даўжыні з трыма ігравымі адтулінамі на кожнай. Тыповы гукарад сяміступенны, утвараецца 2 тэтрахордамі з 1 агульным гукам. Гучанне камернае, светлае, мяккага тэмбру. У час ігры дудкі трымаюць пад вуглом. П.д. гучалі на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, пры ваджэнні карагодаў. Выкарыстоўвалі звычайна як сольны інструмент і для суправаджэння спеваў, часам у ансамблі са скрыпкай. На іх выконвалі мелодыі абрадавых і пазаабрадавых песень, радзей танцавальныя. Былі найб. пашыраны на Магілёўшчыне.

Р.​Дз.​Назіна.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАЖАЛЕ́Т (ад франц. flageolet жалейка),

гук-абертон, які можа быць атрыманы на стр. смыкавых і шчыпковых муз. інструментах. Нагадвае тэмбр флейты (адсюль назва). Розныя прыёмы выканання Ф. засн. на частковым прыцісканні струны ў пунктах дзялення яе даўжыні на 2, 3, 4 і больш частак. Адрозніваюць Ф. натуральныя, якія атрымліваюцца ад адкрытай струны, і штучныя — ад прыціснутай (скарочанай). Ф. наз. таксама духавы муз. інструмент, падобны да флейты.

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛТО́РНА (ням. Waldhorn літар. лясны рог),

медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабой метал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f​2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар. інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец. муз. установах.

І.​Дз.​Назіна.

Валторна.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБНЫ́ ГАРМО́НІК,

духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з комплексу метал. язычкоў, замацаваных на абодвух баках планкі, да якой прылягае драўляная або пластмасавая пласцінка з проразямі; праз іх струмень паветра трапляе на язычкі. У кожным канале 2 галасы, адзін з якіх гучыць пры выдыху, другі — пры ўдыху. Існуюць з сярэдзіны 19 ст., найб. пашыраны ў краінах Цэнтр. Еўропы. Вядомы губныя гармонікі розных сістэм з рознымі дыяпазонамі (1—3 актавы), з храматычным гукарадам, з клавішамі і інш. Найб. пашыраны ў строях С, G, F, а.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБА́ (ад стараж. верхненям. trumba, італьян. tromba),

духавы амбашурны муз. інструмент. Вядомы са старажытнасці, з 17 ст. выкарыстоўваўся як арк. муз. інструмент. Сучасны тып. Т. з вентыльным механізмам склаўся да сярэдзіны 19 ст. У прафес. муз. практыцы — арк. і сольны муз. інструмент. Разнавіднасці Т.: пікала, малая, альтовая, басовая.

Звесткі пра Т. на тэр. Беларусі адносяцца да 12 ст. («Слова аб паходзе Ігаравым»). У нар. побыце беларусаў пашыраны Т. рознай формы з хвоі (абкручаныя бяростай) і бляхі. На Т. здабываюць гукі натуральнага гукарада. Даўжыня Т. вар’іруецца ад 1,3 да 2,5—3 м. Могуць мець спец. прыстасаванне для губ — муштук. Здаўна Т. выкарыстоўвалі як сігнальны інструмент у пастухоўскім. паляўнічым і ваен. побыце. у час каляндарных абрадаў, часам для забавы. Спрактыкаваныя музыкі выконвалі на Т. полькі, вальсы, асобныя ч. кадрылі.

Т. наз. таксама язычковы муз. інструмент конусападобнай формы. зроблены з кары асіны, вольхі, ліпы. Найгрышы на такой Т. — рытмізаванае паўтарэнне аднаго гуку ці вар’іраванне папеўкі на 2—3 гуках натуральнага гукарада. Была пашырана на Беларусі да 1920—30-х г.

Бел. кампазітарамі напісаны для Т. і фп. разнастайныя па змесце і кампазіцыі творы: п’есы (А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, А.​Гураў, У.​Дамарацкі, У.​Кандрусевіч, С.​Картэс, Я.​Цікоцкі), санаты (П.​Падкавыраў, К.​Цесакоў), канцэрты для Т. з арк. (Дамарацкі. Г.​Гарэлава) і інш.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979;

Усов Ю.А. Труба. 2 изд. М., 1989.

І.​Дз.​Назіна.

Пастухоўскія трубы.
Труба.

т. 15, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРЫ́НКА, шарманка,

механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст. ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.

Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.​Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.

Катрынка.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСАФО́Н (франц. saxophone ад прозвішча вынаходніка Sax + ...фон),

духавы язычковы муз. інструмент. Вынайдзены бельг. майстрам А.​Саксам. Металічная (латуневая або сярэбраная) парабалічная трубка з дзюбападобным муштуком і адзінарнай трысцінкай, мае 18—21 адтуліну на ствале, якія закрываюцца пры дапамозе клапанаў. У сям’і С. 7 асн. разнавіднасцей, найб. пашыраны альт і тэнар. Мае моцны гук, непаўторнай выразнасці і прыгажосці тэмбр, вял. віртуоз. магчымасці. З сярэдзіны 19 ст. выкарыстоўваецца ў духавым, оперным, пазней у сімф. аркестрах, у камерных ансамблях; з 20 ст. — у джазе, эстр. і поп-музыцы. С. выкарыстоўвалі ў сваіх творах А.​Глазуноў, С.​Пракоф’еў, А.​Хачатуран, Дз.​Шастаковіч і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

Саксафон.

т. 14, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)