ДУБІ́НКА (Вячаслаў Андрэевіч) (н. 17.12.1941, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Чарнавіцкі тэхнікум чыг. транспарту (1961). Працаваў на будоўлі, фотакарэспандэнтам. З 1981 у час. «Беларусь». Аўтар фотанарысаў, апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, эсэ, фотаальбомаў «Бабруйск» (1968), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (2 выд., 1979), кніг прозы і публіцыстыкі «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая» і «Ой, зялёны дубочак...» (1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989), «Сіндыкат Мані Дулі» (1992). Зрабіў літ. запіс дакумент. аповесці П.​Ратайкі «На жыццёвых кручах» (1985). Майстар выцінанак.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),

бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.​Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар. т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап. вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.​Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.​Аладава, А.​Багатырова, М.​Чуркіна, Р.​Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел. нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел. нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.​Танкам, Р.​Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Тв.:

Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.

Літ.:

Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;

Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.

Л.​Ф.​Голікава.

М.І.Забэйда-Суміцкі.
М.​Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)