ДУБО́ВІЧ (Іван) (? — 1646),

бел. і ўкр. пісьменнік, грамадскі і царк. дзеяч. Прыхільнік уніі. У палемічных творах «Пра вярхоўную ўладу ў царкве божай» (Львоў, 1644), «Правільны каляндар» (Вільня, 1644) шырока выкарыстоўваў бел.-літ. і ўкр. летапісы, маскоўскія хронікі, зах.-еўрап. літ. крыніцы. Высока ацэньваў каляндарна-астранамічныя даследаванні М.​Каперніка, разам з тым адмаўляў яго геліяцэнтрычную тэорыю.

Літ.:

Харлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI і начала XVII века... Казань, 1898;

Далматов Н. Супрасльский Благовещенский монастырь. СПб., 1892.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.

Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял. кн. ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.​Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.​Руцкі, Л.​Крэўза, А.​Дубовіч, Ф.​Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.

Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)