ДУБА́САЎ (Мікалай Аляксандравіч) (28.9.1869, С.-Пецярбург — 4.4.1935),

рускі піяніст і педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1923). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі, выкладчыка Пецярбургскай кансерваторыі. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1889), у 1894—1917 і 1923—35 выкладаў у ёй (праф. з 1902). Канцэртаваў у Расіі і за яе межамі. У 1918—20 праф. Саратаўскай, у 1921—23 — Віцебскай кансерваторый. Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу піяністаў імя А.​Рубінштэйна (1890).

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дубасаў М. 12/621

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,

першыя прафесійныя муз. навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец. муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.​Бай, М.​Дубасаў, Е.​Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.​Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.​Шуман, С.​Браўдо (усе Віцебск), М.​Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял. культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).

Літ.:

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя М.​А.​Рымскага-Корсакава,

першая вышэйшая муз. навуч. ўстанова Расіі. Засн. ў 1862 у Пецярбургу Рас. муз. т-вам па ініцыятыве А.​Рубінштэйна. З 1918 дзярж. навуч. ўстанова, з 1944 імя Рымскага-Корсакава. У 1923 пры ёй адкрыта Оперная студыя, у 1925 — аддз. па падрыхтоўцы навук. работнікаў, педагогаў для спец. навуч. устаноў, дырыжорскае аддз., оперна-рэжысёрскі клас, аспірантура, у 1934 — Муз. тэхнікум (цяпер — самаст. навуч. ўстанова). У ёй выкладалі Л.​Аўэр, А.​Вержбіловіч, К.​Давыдаў, Г.​Есіпава, Ф.​Лешаціцкі, Г.​Нісен-Саламан, Рымскі-Корсакаў, К.​Эверардзі і інш. Сярод выхаванцаў: А.​Абразцова, М.​Анцаў, А.​Арэнскі, Э.​Бай, М.​Дубасаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, А.​Лядаў, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, Н.​Муранская, М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, К.​Пушылаў, М.​Рубінштэйн, В.​Салаўёў-Сядой, У.​Сафраніцкі, Г.​Свірыдаў, П.​Чайкоўскі, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч, Е.​Шуман і інш. У кансерваторыі атрымалі адукацыю бел. кампазітары В.​Капыцько, У.​Палуэктаў, удасканальвалі майстэрства кампазітары І.​Лучанок, Я.​Паплаўскі, Р.​Сурус, Л.​Шлег, піяністы М.​Бергер, Р.​Шаршэўскі; скрыпач А.​Бяссмертны і інш. Мае Вял. залу для оперных спектакляў і сімф. канцэртаў, Малую залу (з арганам) для правядзення сольных і камерных канцэртаў. У 2000/01 навуч. г. ф-ты: фартэпіянны, аркестравы, вак.-рэжысёрскі, дырыжорскі, нар. інструментаў, кампазітарскі, гіст.-тэарэтычны. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае.

Літ.:

Кремлев Ю. Ленинградская государственная консерватория, 1862—1937. М., 1938;

100 лет Ленинградской консерватории, 1862—1962: Ист. очерк. Л., 1962;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980.

В.​П.​Пракапцова.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)