род двухстворкавых малюскаў. Каля 10 відаў. Пашыраны ў саланаватых і прэсных водах узбярэжжаў трапічнай часткі Атлантычнага ак., Еўропы, М. Азіі, у Чорным, Каспійскім і Аральскім морах. Жывуць калоніямі на падводных прадметах, збудаваннях, пясчаным грунце. Найб. вядомая Д. рачная (D. polymorpha). У Беларусі пашыраны на Пн, у рэках Прыпяць і Нёман.
Ракавіна (даўж. 0,8—5 см) клінападобная, зеленаватая або карычневая з папярочнымі цёмнымі палосамі. Маюць бісусавую залозу, сакрэт якой у вадзе становіцца цвёрдым у выглядзе нітак, якімі Д. прымацоўваюцца да субстрату. Раздзельнаполыя. Лічынка (велігер) свабодна плавае, хутка засяляе новыя вадаёмы. Кормяцца рэшткамі раслін і жывёл. Біяфільтратары.