РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,
верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.
Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.
Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.
В.П.Рагойша.
т. 13, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш. слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.
У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.
Літ.:
Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
Л.А.Антанюк.
т. 8, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)