ПАЛІ́ТРА (ад франц. palette пласцінка),

1) чатырохвугольная або авальная драўляная дошчачка, метал. ці фарфоравая пласцінка, дзе мастак змешвае фарбы ў час працы.

2) Падбор колераў, уласцівы творчай манеры жывапісца.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЁПКА,

1) стварэнне заклёпачнага злучэння элементаў канструкцый, пераважна з ліставога металу. Уключае свідраванне або прабіўку адтулін, устаўку заклёпак, само кляпанне — стварэнне (прасаваннем, ударам або выбухам) на другім канцы заклёпкі замыкальнай галоўкі. Для К. прасаваннем выкарыстоўваюць кляпальныя машыны, ударам — кляпальныя малаткі. Кляпаныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна ў мостабудаванні і ў канструкцыях прамысл. будынкаў з вял. дынамічнымі нагрузкамі (напр., у падкранавых бэльках).

2) Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку і пад.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНШЭ́Т (франц. planchette літар. дошчачка),

1) плоская драўляная дошка квадратнай формы з прыстасаваннем для замацавання яе на трынозе. Уваходзіць у камплект інструментаў для палявых тапагр. здымкаў.

2) Спец. ўстройства на камандных пунктах ППА, ВПС, ВМФ і інш., для адлюстравання паветр. (марскога) становішча; можа быць механізаваны або аўтаматызаваны.

3) Дошка (драўляная або метал.), на якой замацавана геагр. карта (ліст паперы для чарчэння) з сеткай ізаліній (сеткай каардынат Гаўса) для графічных пабудоў і вылічэнняў.

т. 12, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫСО́КІ ДУБ»,

бел. нар. гульня. Удзельнічаюць ад 4 да 8 чал., гуляюць на адкрытай пляцоўцы. Для гульні патрэбны палка, дошчачка, кароткая палачка і жалуды (або каменьчыкі, сасновыя шышкі і інш.). Упоперак вузкай ямкі кладуць кароткую палачку, на яе — дошчачку. Потым па чарзе кожны гулец кладзе жолуд на апушчаны канец дошчачкі, б’е палкай па яе краі. Калі жолуд падлятае ўверх, гулец ловіць яго. Перамагае той, хто зловіць больш жалудоў. Гульня выпрацоўвае спрыт, жвавасць, трапнасць і дакладнасць рухаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАКЕ́ТКА (франц. plaquette памяншальнае ад plaque пласцінка, дошчачка),

1) твор медальернага мастацтва, які адрозніваецца ад звычайнага медаля прамавугольнай або блізкай да яе формай. Паводле зместу шырэйшая за медаль, можа мець разгорнуты сюжэт, што набліжае яе да скульптуры. Бываюць керамічныя, метал., фарфоравыя, шкляныя і інш. Паводле правіл Міжнар. федэрацыі медальераў не павінны быць даўжэй за 180 мм па большаму боку. Пашырыліся ў 19—20 ст. На Беларусі П. рабілі і робяць Г.​Асташонак, Э.​Астаф’еў, Л.​Багданаў, В.​Буціна, С.​Гарбунова, А.​Дзятлава, У.​Жохаў, А.​Зіменка, С.​Ларчанка, В.​Леантовіч, Ю.​Любімаў, У.​Мелехаў, У.​Мурахвер, В.​Прыешкін, Л.​Талбузін, В.​Янушкевіч і інш. 2) Пласцінка (метал., керамічная і інш.) з рэльефнай выявай, прызначаная для ўпрыгожання мэблі, хатняга начыння і інш.

А.​Я.​Белы.

Да арт. Плакетка. А.​Зіменка. Зубр. 1982.

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)