Донарна-акцэптарная сувязь, гл. Хімічная сувязь
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКСО́НІЙ, гідроній-катыён,
адратаваная форма іона вадароду (пратона), H3O+. Утвараецца па донарна-акцэптарным механізме пры ўзаемадзеянні пратона з малекулай вады. Існуе ў водных растворах кіслот. Удзельнічае ў многіх рэакцыях (напр., гідролізе), якія каталізуюцца к-тамі.
т. 5, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНАЦЫ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від хімічнай сувязі, якая рэалізуецца ў комплексных злучэннях. Адрозніваюць двух- і шматцэнтравую К.с. Двухцэнтравая абумоўлена перадачай электроннай пары з цалкам запоўненай арбіталі атама ліганда (донара) на вакантную арбіталь цэнтр. атама (акцэптара) з утварэннем агульнай звязваючай малекулярнай арбіталі. Такую К.с. наз. донарна-акцэптарнай сувяззю. Яна з’яўляецца разнавіднасцю кавалентнай сувязі. У выпадку шматцэнтравай К.с. электронная пара ліганда дэлакалізавана ў прасторы трох ці большай колькасці атамаў малекулы (напр., трохцэнтравая мосцікавая сувязь B-H-B у боравадародах).
т. 7, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
каардынацыйныя злучэнні, злучэнні, якія маюць катыённы, аніённы або нейтральны комплекс, што складаецца з цэнтр. атама ці іона (комплексаўтваральніка) і злучаных з ім атамаў, іонаў ці малекул — лігандаў. Колькасць атамаў, непасрэдна злучаных з комплексаўтваральнікам — каардынацыйны лік — звычайна перавышае велічыню яго спінавай валентнасці. Узаемадзеянне паміж цэнтр. атамам і лігандамі бывае донарна-акцэптарнае (гл. Каардынацыйная сувязь), іон-іоннае ці іон-дыпольнае. Комплексаўтварэнне найб. характэрна для пераходных металаў.
Комплексы бываюць электранейтральныя (напр., карбанілы металаў, у якіх нейтральныя атамы металаў злучаны з атамамі вугляроду карбанільных груп) ці ўяўляюць сабой дадатна або адмоўна зараджаныя іоны, напр., комплексны катыён [Cu(NH3)4]2+; комплексны аніён [Fe(CN)6]3-. У састаў К.з. комплексныя іоны ўваходзяць разам з процііонамі, напр., [Cu(NH3)4]Cl2 хларыд тэтраамін медзі (II); K3[Fe(CN)6] гексацыянаферат (III) калію. У жывых арганізмах К.з. прысутнічаюць у выглядзе вітамінаў, ферментаў — комплексаў металаў (жалеза, медзі, магнію, марганцу, кобальту, малібдэну) з бялкамі.
Літ.:
Берсукер И.Б. Электронное строение и свойства координационных соединений. 3 изд. Л., 1986;
Костромина Н.А., Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)