Дзятлаўка (р.) 4/241, 504; 7/295

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎКА, Дзянцелка, Зітала, Памарайка,

рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Моўчадзь (бас. Нёмана). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 151 км². Пачынаецца каля в. Юравічы, у межах Навагрудскага ўзв., цячэ праз г. Дзятлава. На ўсім працягу каналізаваная. Каля в. Нагародавічы створана сажалка.

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ТАЛА,

рака, гл. Дзятлаўка.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік архітэктуры ракако. Створана ў 1751 па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. на беразе р. Дзятлаўка. Комплекс уключае палац, пейзажны парк з вадаёмам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з У паўкальцом агінае палац. Гасп. пабудовы размяшчаліся пры ўездзе з Пд у сядзібу.

Палац — мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём з высокім вальмавым дахам і 2 вуглавымі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (алькежы не зберагліся).

А.М.Кулагін.

Дзятлаўская сядзіба. З малюнка Н.Орды. 19 ст.

т. 6, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎЧАДЗЬ, Моўчадка,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 98 км. Пл. вадазбору 1140 км². Пачынаецца каля в. Кузевічы Баранавіцкага р-на, цячэ пераважна па Навагрудскім узв. Асн. прытокі: Сваротва, Ятранка, Паніква, Промша (справа), Івязянка, Дзятлаўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. каля 1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Схілы спадзістыя, сярэдне стромкія, на ўсім працягу верхняга і сярэдняга цячэння перарывістыя, тэрасы шыр. да 1,5 км. Рэчышча моцназвілістае, каля 10 км каналізаванае, паміж вёскамі Дварэц і Агароднікі Дзятлаўскага р-на і ў ніжнім цячэнні невял. астравы. За 9 км ад вусця — ГЭС і Гезгальскае вадасховішча; у сутоках М. і Ятранкі г.п. Наваельня, на зах. ускраіне якога курортная зона і санаторый. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с.

т. 10, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАВА,

горад у Гродзенскай вобл., цэнтр Дзятлаўскага р-на, на р. Дзятлаўка. За 165 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. Аўтадарогамі злучана са Слонімам. Лідай, Навагрудкам. 8,6 тыс. ж. (1997).

Упершыню згадваецца ў 1440—50-я г. пад назвай Здзяцел. У 1498 вял. кн. літ. Аляксандр падараваў воласць Здзяцел літ. гетману кн. К.І.Астрожскаму. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў Трокскім ваяв., у 1566 мястэчка Слонімскага пав. З пач. 17 ст. належала Сапегам, Палубенскім, Радзівілам, Солтанам, з 1831 дзярж. ўласнасць. З 1795 у Рас імперыі, мястэчка Слонімскага пав У 1897—3155 ж., 479 будынкаў, 2 школы, царква, касцёл, 4 яўр. малітоўныя дамы, шпіталь. 2 дрэваапр. ф-кі. 2 медаварні, больш за 40 майстэрняў. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, да 1945 і з 1965 цэнтр Дзятлаўскага раёна. З 30.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням.-фашыстамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 4716 чал., дзейнічала Дзятлаўскае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1962—65 Дз. ў Слонімскім р-не. У 1971—4,5 тыс. ж. З 1990 горад.

Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці. Дзейнічае Дзятлаўскі музей народнай славы. Помнікі архітэктуры — Дзятлаўскі касцёл Успення Багародзіцы (1624—46), Дзятлаўская сядзіба (1751), капліца (1813). Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.

В.У.Шаблюк.

т. 6, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)