ДУ́МНЫЯ ЧЫНЫ́,

службовыя асобы ў Рускай дзяржаве ў канцы 15—17 ст.баяры, акольнічыя, думныя дваране і думныя дзякі, якія мелі права ўдзельнічаць у пасяджэннях Баярскай думы і ў рабоце думскіх камісій. Д. ч. займалі вышэйшыя пасады пры двары, удзельнічалі ў дыпламат. перагаворах, разбіралі месніцкія спрэчкі і інш.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДНЫ ПРЫКА́З, Разрад,

цэнтральная дзярж. ўстанова ў Расіі ў сярэдзіне 16 ст. — 1711. Загадваў служылымі людзьмі, ваен. кіраваннем, пагран. службай, паўд. («украіннымі») гарадамі, жалаваннем дваран, прызначэннем палкавых і гар. ваявод, складаў роспісы прыдворных цырымоній, удзельнічаў у разборы месніцкіх спрэчак (гл. Месніцтва). Падзяляўся на сталы (аддзелы): Маскоўскі, Наўгародскі, Сеўскі, Памесны, Грашовы, Прыказны. На чале Р.п. ў 16—17 ст. звычайна стаялі дзякі, апошні кіраўнік (з 1689) — баярын Ц.​М.​Стрэшнеў. Скасаваны ў 1711, яго асобныя функцыі перайшлі да разраднага стала Сената.

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКА́РСКІ ПРЫКА́З,

цэнтральная ваен. ўстанова ў Расіі ў 16—17 ст. Вядомы з 1577. Прыказу былі падначалены служылыя артылерысты («пушкары», адсюль назва прыказа), казённыя кавалі рас. гарадоў (акрамя гарадоў на паўд. засечных межах, паморскіх і сібірскіх). Загадваў вырабам, размеркаваннем і ўлікам артыл. гармат і боепрыпасаў (яму былі падначалены Гарматны двор, Гранатны двор і казённыя парахавыя млыны), кантраляваў стан крапасных умацаванняў большасці гарадоў і назіраў за станам засек. Прыказ узначальвалі баярын (радзей акольнічы) і 2 дзякі; падзяляўся на гарадавы, засечны і грашовы сталы. У 1678—82 часова ўваходзіў у склад Рэйтарскага прыказа. У 1701 на базе П.п. створаны Артыл. прыказ.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКА́ЗЫ,

1) цэнтральныя органы дзярж. кіравання ў Расіі 16 — пач. 18 ст. Назва ад даручэнняў, загадаў (рус. «приказов»), якія ў 15 ст. маскоўскі вял. князь даваў сваім баярам і дзякам. Паступова гэтыя даручэнні набылі рэгулярны характар і для іх выканання з’явіліся спец. памяшканні «ізбы», якія пры фарміраванні ў 16 ст. Рускай цэнтралізаванай дзяржавы ператварыліся ў пастаянныя дзярж. ўстановы — П. У 17 ст. існавала каля 80 П., гал. з іх — Пасольскі, Памесны, Разрадны і Тайных спраў. Астатнія паводле функцый падзяляліся на адм.-суд.-паліцэйскія (Земскі, Разбойны, Халопскі і інш.), тэрытарыяльныя (Казанскі, Сібірскі, Вял. Расіі, Маларасійскі і інш.), ваенныя (Стралецкі, Пушкарскі, Казачы і інш.), фінансавыя (Вял. казны, Вял. прыходу, Хлебны і інш.), дварцовыя (Вял. палаца, Пасцельны, Сакольнічы і інш.). У 1656—67 дзейнічаў П. Вял. княства Літоўскага, які кіраваў бел. і літ. землямі, часова заваяванымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кожны П. узначальваў суддзя з ліку членаў Баярскай думы. Суддзям падпарадкоўваліся дзякі, дзякам — падзячыя. Суддзя вырашаў справы аднаасобна, найб. складаныя з іх разглядаў з дзякамі. Структура П. вызначалася іх кампетэнцыяй. Вял. П. (Памесны, Разрадны і інш.) падзяляліся на сталы́ па тэр. і функцыян. прынцыпах, а сталы́ — на павыцці. Невял. па колькасці служачых П. (Пасольскі) падзяляліся адразу на павыцці. У 17 ст. сярэднімі лічыліся П. са штатам у 20—40 чал., у буйных працавала да 400 чал. Для П. характэрна спалучэнне суд., адм. і фін. функцый, частае дубліраванне функцый адзін аднаго, вял. цяганіна і хабарніцтва. У 1717—21 П. заменены Калегіямі (некат. існавалі пазней, напр., Сібірскі да 1763).

2) Цэнтр. органы кіравання пры патрыярху рус. правасл. царквы ў 17 ст.: дварцовы, казённы, разрадны.

3) Назва стралецкіх палкоў у Расіі 16 — пач. 18 ст.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.

С.​Л.​Лугаўцова.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)