ДЗЮРА́НС (Durance),

рака на ПдУ Францыі, левы прыток Роны. Даўж. 350 км, пл. бас. 14,2 тыс. км². Пачынаецца ў Коцкіх Альпах, перасякае адгор’і Праванскіх Альпаў, у нізоўі цячэ па Ронскай нізіне. Сярэдні расход вады 190 м³/с. Жыўленне ў вярхоўі снегавое, на астатнім працягу — дажджавое. Вяснова-летнія высокія паводкі; бываюць навадненні. Каскад ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. У вусці — г. Авіньён.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́НА (Rhône),

рака ў Швейцарыі і Францыі. Даўж. 812 км, пл. басейна 98 тыс. км². Пачынаецца з Ронскага ледавіка ў Лепіцінскіх Альпах. Цячэ цераз Жэнеўскае воз., па Ронскай нізіне, упадае 2 рукавамі ў Ліёнскі зал. Міжземнага м., на З ад г. Марсель утварае дэльту (пл. больш за 12 тыс. км²). Гал. прытокі: Эн, Сона, Ардэш (справа), Ізер, Дзюранс (злева). У верхнім і сярэднім цячэнні жывіцца талымі водамі ледавікоў і снежнікаў. У правых прытоках пераважае дажджавое жыўленне. Да самага вусця Р. захоўвае рысы альпійскага рэжыму. Летняя паводка і зімовая межань. Р. — самая мнагаводная рака Францыі. Сярэдні гадавы расход каля вусця 1780 м³/с. На Р. і яе прытоках Ізер і Дзюранс каскады ГЭС (каля 70% агульнай магутнасці ГЭС Францыі). Суднаходная ад вусця р. Эн. Цераз р. Сона і шматлікія каналы злучана з рэкамі Рэйн, Мозель, Марна, Сена, Луара. У абход дэльты пабудаваны суднаходны канал ад г.Арль да Марселя. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Р. — гарады Жэнева (Швейцарыя), Ліён, Валанс, Авіньён, Арль (Францыя).

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІНЬЁН (Avignon),

горад на ПдУ Францыі, у Правансе. Порт на рэках Рона і Дзюранс. Адм. ц. дэпартамента Ваклюз. 181 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Металаапр., тэкст. (пераважна шаўковая), харч., абутковая прам-сць. Трансп. вузел і цэнтр с.-г. раёна (вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, кветкаводства).

Авіньён узнік на месцы заснаванай рымлянамі ў 48 г. да н.э. калоніі Авенія. Пасля падзення Зах. Рымскай імперыі Авіньён пад уладай бургундцаў, вестготаў, франкаў, у 730 і 737 разбураны сарацынамі. У сярэднявеччы ч. каралеўства Бургундыя, належаў графам Тулузскім і Праванскім. У 1226 разбураны франц. каралём Людовікам VIII. У 1309—77 месца вымушанага знаходжання рымскіх папаў, у 1348—1791 (афіц. 1797) — папскае ўладанне. У 1797 Авіньён далучаны да Францыі. У 14 ст. адзін з буйных маст. цэнтраў Еўропы. Аблічча Авіньёна ў многім вызначаюць будынкі 14 ст., кальцо гар. умацаванняў з зубчастымі сценамі, прамавугольнымі вежамі, варотамі. Над радыяльнай сеткай вуліц сярэдзіны 18 ст. з дамамі 19—20 ст. дамінуе раманскі сабор Нотр-Дам-дэ-Дом (12 ст.) з грабніцамі папаў; побач гатычны папскі палац з высокімі сценамі і вежамі (14 ст.; у інтэр’еры фрэскі 14—15 ст.), епіскапскі Малы палац (15 ст., рэнесанс). Захаваліся частка моста Сен-Бенезэ (12—13 ст.), гатычныя цэрквы 14 ст., атэлі і цэрквы 15—18 ст. Музей скульптуры. У музеі Кальвэ (засн. ў 1810) жывапіс авіньёнскай школы 14—16 ст.

Літ.:

Berenguier R. Avignon. Paris, [1973].

Панарама Авіньёна.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)