Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,
тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л. русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.Марджанішвілі, М.Ахлопкаў і інш.
На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.Літвінаў, Е.Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел. дзярж. т-ра, самадз. драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.
Літ.:
Массовые праздники и зрелища: Сб. М., 1961.
С.А.Пятровіч.
т. 10, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСЦЭНІРО́ЎКА (ад лац. in у, на + сцэна),
1) перапрацоўка апавядальнага (празаічнага ці паэтычнага) твора для сцэны, радыё, тэлебачання. Мае форму п’есы з лагічна пабудаваным дзеяннем. Можа мець самаст. маст. значэнне (напр., «Апантаныя» А.Камю паводле Ф.Дастаеўскага «Д’яблы»).
2) Масавае відовішча, якое ўзнаўляе эпізоды гіст. падзей (гл. Масавае дзейства).
т. 7, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЕ́НТЭ, Вісенці (Vicente) Жыл (Хіль; каля 1470, г. Гімарайнш, Партугалія, ці Лісабон — каля 1536), партугальскі драматург і акцёр; заснавальнік партуг. нац. т-ра. Аўтар, акцёр і пастаноўшчык прыдворных відовішчаў, п’ес для карнавальных шэсцяў. Яго драмы, камедыі і фарсы насычаны ісп. і партуг. нар. муз. фальклорам, адметныя вальнадумствам, вострай сатырай, накіраванай супраць сац. загану: «Наведванне, ці Маналог пастуха» (1502), «Дзейства пра Сівілу і Касандру» (1503), «Трылогія пра лодку» (1517—19), «Фарс пра пагоншчыкаў мулаў» і «Свяшчэннік з Бейры» (1526) і інш.
т. 4, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСХАКБА́ЕВА (Шушано Аўнераўна) (н. 12.3.1957, Душанбе),
бел. кампазітар. Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1982, клас Ц.Хрэннікава). Выкладчыца муз. школ у Мінску. Сярод твораў: камерная опера «Дзіцячыя сны» на лібрэта В.Шлеянкова (1993), «Канцэрт-дзейства» на словы Сімяона Полацкага для мяшанага хору (1991), кантата «Дзеці народаў свету» (1988), хар. дзействы на духоўныя вершы С.Ясеніна (са Шлеянковым, 1992), «Нябесны Іерусалім» (на яўр. духоўныя тэксты, 1992); сімфонія № 1 (1982), «Сімфонія напеваў» (1986) для сімф. арк.; камерна-інстр. музыка, у т. л. трыо, квінтэт, санаты, творы для фп. (прэлюдыі-карціны «Памяці А.Друкта», 1989—91; Таката, 1993); канцэрты для хору a capella «Рубаі Умара Хаяма» (1989), «Купалінка» (1988) і на вершы Ясеніна (1991, абодва са Шлеянковым) і інш. Аўтар тэарэтычных прац па пытаннях імправізацыі, кампазіцыі і сальфеджыо.
т. 7, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 15.6.1955, Вена),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1983 заг. муз. часткі Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах і тэхніках кампазіцыі. Асн. творы: опера «Запіскі вар’ята» (1987), балеты «12 крэслаў» (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон» (1998); араторыя; вак.-сімф. паэмы, у т. л. «Гукавыя прасторы «Euphonia» (1993); кантаты, у т. л. «Ціхія песні» на словы М.Багдановіча (1991); абрад-дзейства «Палескае вяселле» (1995); «Хроніка мінуласці «Спевы даўнейшых ліцвінаў» для салістаў, мужчынскага хору і ўдарных інструментаў (1997); 3 сімфоніі (1982, 1984, 1995), канцэрт (1988), «Цэзій-137» (1990), «Musica Militare» (1991) для сімф. аркестра; камерная сімфонія (1988), «Partita in D» (1992); камерна-інстр. і прыкладная музыка; п’есы для аркестраў розных складаў, песні, хары і інш.
Т.Г.Мдывані.
т. 8, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУРА́НТЫ»,
рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-та рус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).
Публ.:
McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.
Л.П.Касцюкавец, А.В.Мальдзіс.
т. 9, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НАЎ (сапр. Гурэвіч) Леў Маркавіч
(9.4.1899, Мінск — 21.3.1963),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1946). Засл. дз. маст. Татарстана (1953). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1921—23 кіраваў у Мінску маст. самадзейнасцю. Аўтар сцэнарыя і пастаноўшчык (з Е.Міровічам і Бейтлерам) масавага дзейства «Праца і капітал» (1921). У 1927—32 і 1942—43 рэжысёр Дзярж. яўр. т-ра Беларусі (найб. значная пастаноўка — «Авечая крыніца» Лопэ дэ Вэгі, 1927). Маст. кіраўнік (1932—37) і гал. рэжысёр (1943—48) Бел. т-ра імя Я.Купалы. Сярод пастановак: «Бацькаўшчына» К.Чорнага (1932), «Канец дружбы» К.Крапівы (1934) і «Салавей» З.Бядулі (1937, абедзве з Л.Рахленкам), «Паўлінка» Я.Купалы (1944), «Недаростак» Дз.Фанвізіна (1933), «Позняе каханне» (1944) і «Таленты і паклоннікі» (1950) А.Астроўскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1946) і інш. З 1950 гал. рэжысёр Казанскага т-ра імя Качалава (паставіў «Лявоніху на арбіце» А.Макаёнка, 1961).
т. 9, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МУЗЫ́ЧНЫ КА́МЕРНЫ ТЭА́ТР.
Засн. ў 1971 на базе Вучэбнага т-ра Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (існаваў з 1958). Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.Пакроўскі. Мае на мэце адраджэнне традыцый старадаўняй оперы, зліццё сцэн. і муз. інтэрпрэтацый (спевакі — драм. акцёры), аб’яднанне артыстаў, аркестра і публікі ў працэсе спектакля (частковы перанос дзеяння ў глядзельную залу і інш.), пошук новых жанравых форм. Ставяцца оперы, зінгшпілі, мюзіклы і спектаклі новых жанраў, напр., «музычна-псіхаграфічная драма» «Дваранскае гняздо» У.Рэбікава. Адначасова т-р захоўвае традыцыі рус. опернага т-ра. У рэпертуары: «Сокал» Дз.Бартнянскага, «Скупы» В.Пашкевіча, «Дырэктар тэатра» В.А.Моцарта, «Аптэкар» І.Гайдна, «Нос» Дз.Шастаковіча, «Бедныя людзі» Г.Сядзельнікава, «Шынель», «Брычка» і «Плады асветы» А.Холмінава, «Растоўскае дзейства» Дз.Растоўскага, «Прыгоды гулякі» І.Стравінскага, «Давайце створым оперу» Б.Брытэна, «Жыццё з ідыётам» А.Шнітке. У складзе т-ра: Б.Дружынін, Н.Якаўлева, М.Лемешава, Э.Акімаў, Л.Сакаленка, М.Жукава, А.Мачалаў і інш. Гал. дырыжоры: Г.Раждзественскі (з 1974), Л.Асоўскі (з 1987).
Літ.:
Покровский Б.А. Ступени профессии. М., 1984.
т. 10, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТУРГІ́ЧНАЯ ДРА́МА,
сярэдневяковае драм. дзеянне, якое з’яўлялася інтэгральнай часткай кананічнага набажэнства (імшы, ютрані, вячэрні). Пашырана ў 10—13 ст. у краінах Зах. Еўропы. У адрозненне ад драм на рэліг. сюжэты Л.д. поўнасцю спяваліся, у іх не было размоўных эпізодаў, мова ўсіх тэкстаў лацінская. Агульная кампазіцыя традыц. Л.д. — тыповая для сярэдневякоўя «шматковая» тэхніка цэнтону — кантамінацыі, мантажу гатовых, «дадзеных» тэкстаў. Яны ўключалі традыц. рэспансорыі, антыфоны, гімны, секвенцыі, кантыклі, версы, псалмы, даксалогіі, евангеллі, казанні і інш. З традыц. стылістыкай харальных спеваў кантраставалі эпізоды, вытрыманыя ў нар.-песенным або танц. характары.
Першыя Л.д., зафіксаваныя ў рукапісах, — простыя дыялагічныя ўстаўкі ў абавязковы тэкст велікодных набажэнстваў, т.зв. «Дыялогі ля труны» (10 ст.). Іх узнікненне і пашырэнне абумоўлена кульмінацыйнымі перыядамі літургічнага года — Перадвелікодным тыднем і Нараджэннем Хрыстовым. Напачатку ўзніклі кароткія інсцэнізацыі тыпу «Наведвання труны», якія паступова развіліся ў сапр. драмы (пасійныя п’есы з «Carmina burana» і інш.). Аснова сюжэтаў Л.д. — жыціі святых, біблейскія гісторыі, легенды пра Антыхрыста; найб. вядома унікальнае «Дзейства пра Данііла», створанае ў школе г. Бавэ (Францыя, 12 ст.) — сапраўдная разгорнутая «опера» з сольнымі, хар. і ансамблевымі эпізодамі. Ствараліся і перапісваліся ў Францыі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Германіі, Швейцарыі і інш. З 14 ст. роля Л.д. паступова змяншалася.
Літ.:
Андреев М.Л. Средневековая европейская драма: Происхождение и становление (X—XIII вв.). М., 1989.
Т.У.Ліхач.
т. 9, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)