ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (18.2.1903, Масква — 21.1.1979),

расійскі псіхолаг, філосаф, педагог. Акад. АПН РСФСР (1950), АПН СССР (1968). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Д-р псіхал. н. (1940), праф. (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Працаваў у Псіхал. ін-це ў Маскве, Ленінградскім пед. ін-це, Маскоўскім ун-це і інш. У 1920—30-я г. разам з Л.С.Выгоцкім і А.Р.Лурыя ўдзельнічаў у распрацоўцы культ.-гіст. тэорыі псіхічнага развіцця чалавека. Вывучаў філас.-метадалагічныя асновы псіхал. навукі, праблемы ўзнікнення свядомасці ў антрапагенезе, функцыянавання яе гал. кампанентаў («пачуццёвая тканка», значэнне, асобасны сэнс), механізмы фарміравання і развіцця вышэйшых псіхічных функцый. Распрацаваў агульнапсіхал. тэорыю дзейнасці («дзейнасны падыход»), сфармуляваў палажэнні аб сістэмнай будове псіхікі, адзінстве практычнай і «ўнутранай», псіхічнай дзейнасці чалавека («Дзейнасць. Свядомасць. Асоба», 1975). Дзейнасны падыход да даследавання свядомасці і псіхікі ў варыянце Л. выкарыстоўваецца ў пед., мед., узроставай, сац., і інш. галінах псіхалогіі, знайшоў сваіх паслядоўнікаў у многіх краінах свету. Вёў даследаванні ў галіне інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Развитие памяти. М.; Л., 1931;

Проблемы развития психики. 2 изд. М., 1965;

Философия психологии. М., 1994.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ТА,

актыўны, дзейнасны бок чалавечай свядомасці, прадугадванне ў ёй вынікаў, на дасягненне якіх накіраваны дзеянні. Як ідэальны ўнутрана-пабуджальны матыў М. накіроўвае і рэгулюе свядомую дзейнасць чалавека, надае ёй паслядоўнасць, сістэмнасць. М. можа стаць дзейнаснай, калі яна знаходзіцца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі, рэальнымі магчымасцямі асяроддзя, самога суб’екта і сродкамі, неабходнымі для яе рэалізацыі. М., сродкі і вынікі яе рэалізацыі ўзаемазвязаны, іх адносіны з’яўляюцца асаблівай формай прычынных адносін, характэрных для сферы асэнсаванай мэтанакіраванай дзейнасці (гл. Мэтазгоднасць). Адрозніваюць канкрэтную, абстрактную і фармальную М., а таксама прыватную, блізкую, непасрэдную, канчатковую (напр., Арыстоцель тлумачыў М. як канчатковую прычыну быцця). Тлумачэнне з’яў прыроды з дапамогай М. і мэтазгоднасці наз. тэлеалогіяй.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)