ДЖО́РДЖ (George) Генры (2.9.1839, г. Філадэльфія, ЗША — 29.10.1897),
амерыканскі эканаміст, публіцыст. Прапанаваў ідэю «адзінага зямельнага падатку» як сродку забеспячэння ўсеагульнага дастатку і сацыяльнага міру, якая па сутнасці азначала пакрыццё ўсіх дзярж. расходаў за кошт зямельнай рэнты. Даследаваў праблемы заработнай платы, капіталу, рэнты, эканам. крызісаў, даў адзін з варыянтаў фарміравання тэорыі гранічнай прадукцыйнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОЙД ДЖОРДЖ (Lloyd George) Дэвід (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ФЕНСАН, Стывенсан (Stephenson) Джордж (9.6.1781, Уайлем, каля г. Ньюкасл-эпон-Тайн, Вялікабрытанія — 12.8.1848), англійскі канструктар і вынаходнік у галіне паравога чыг. транспарту. З 1812 гал. механік капальняў у Нартамберлендзе. Вынайшаў руднічную лямпу арыгінальнай канструкцыі (1815). З 1814 займаўся канструяваннем паравозаў. У 1823 заснаваў у Ньюкасле першы ў свеце паравозабуд. з-д, дзе стварыў практычна прыгодныя ўзоры паравозаў, у т. л. «Ракету» (1829) для чыгункі Манчэстэр—Ліверпул. Пабудаваў першую чыгунку агульнага карыстання Дарлінгтан—Стоктан (адкрыта ў 1825).
Літ.:
Виргинский В.С. Джордж Стефенсон, 1781—1848. М.; Л., 1964.