КШЭ́НЕК, Кршэнек (Křenek) Эрнст (23.8.1900, Вена — 22.12.1991), аўстрыйска-амерыканскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Вене (з 1916), у Вышэйшай школе музыкі ў Берліне (1920—23). З 1937 у ЗША, праф. шэрагу ун-таў і каледжаў. У 1920-я г. зазнаў уплыў Б.​Бартака, І.​Стравінскага, П.​Хіндэміта, як оперны кампазітар быў пад уплывам экспрэсіянізму. оперы «Скачок праз цень» (паст. 1924), «Джоні найгравае» (паст. 1927) з элементамі джаза і атанальнай муз. структурай. З 1930-х г. шырока выкарыстоўваў дадэкафонію, серыяльнасць (гумарыстычная тэлеопера «Разлічана і прайграна», 1961). З 1950-х г. адзін з вядучых прадстаўнікоў муз. авангарда (тэлеопера «Чароўнае люстэрка», 1966). Пісаў электронную музыку, карыстаўся алеаторыкай. Аўтар 17 опер, 3 балетаў, аперэт, 5 сімфоній (1923—50), канцэртаў для інструментаў з аркестрам і інш.; кніг «Аб новай музыцы» (1937), «Эцюды аб кантрапункце» (1940), аўтабіяграфіі (1948) і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРД ((Ird) Каарэл) (27.8.1909, Рыга — 25.2.1986),

эстонскі рэжысёр, акцёр.

Нар. арт. Эстоніі (1958). Нар. арт СССР (1970). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў студыі драм. мастацтва ў Тарту (1934—36). З 1940 гал. рэжысёр т-ра «Ванемуйне» (г. Тарту). Сярод пастановак: оперы «Агні помсты» Э.​Капа (1945), «Бераг бур» Г.​Эрнесакса (1958), «Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева (1962), «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча і «Лебядзіны палёт» В.​Торміса (1966), «Джоні з Гвіяны» А.​Буша (1969), «Піквікскі клуб» Р.​Шантыра (1978); драм. спектаклі: «Мяшчане» (1946), «Ягор Булычоў і іншыя» (1950) М.​Горкага, «Венецыянскі купец» (1958), «Карыялан» (1964) У.​Шэкспіра, «Жыццё Галілея» (1961), «Швейк у другой сусветнай вайне» (1967) Б.​Брэхта, «Дзікі капітан» Ю.​Смуула (1965), «Сумленне» Э.​Ранета (усе ў т-ры «Ванемуйне»), Пастаноўкі вылучалі глыбіня трактоўкі сцэн. вобразаў, арыгінальнае вырашэнне масавых сцэн. Сярод роляў: Ральф («Жыццё ў Цытадэлі» А.​Якабсана), Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоў), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога). Дзярж. прэмія Эстоніі 1947. Дзярж. прэмія СССР 1967.

К.Ірд.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)