ДЖО́БЕР (англ. jobber),

1) гістарычна — прадпрымальнік, які даваў напракат коней з экіпажамі.

2) Біржавы маклер, камісіянер (першапачаткова член Лонданскай фондавай біржы), які ажыццяўляе аперацыі за ўласны кошт (пры нефіксаваным даходзе), уступае ў здзелкі з брокерамі і інш. дзелавымі людзьмі.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КЛЕР (ням. Makler ад нідэрл. makelaar),

1) асоба, якая прафесійна займаецца пасрэдніцтвам у сферы куплі і продажу тавараў, каштоўных папер, страхавання і інш. 2) Біржавы пасрэднік (дылер, джобер), які купляе і прадае за свой кошт (у адрозненне ад брокера, які заключае здзелкі для кліентаў і за іх кошт). Біржавы М. — работнік, служачы біржы, які ўваходзіць у склад яе персаналу; вядзе таргі ў секцыях, фіксуе і рэгіструе згоду брокераў на заключэнне здзелкі.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕР (англ. broker),

пасрэднік пры заключэнні здзелак паміж зацікаўленымі бакамі — кліентамі. Ролю брокера выконваюць асобы, фірмы і арг-цыі, якія найчасцей дзейнічаюць па даручэнні і за кошт кліента (могуць дзейнічаць і ад свайго імя), атрымліваюць плату ў выглядзе камісійных (пэўнага працэнта ад сумы здзелак).

Брокеры бываюць: біржавыя (ажыццяўляюць пасрэдніцкія аперацыі з каштоўнымі памерамі і таварамі на біржах), страхавыя (знаходзяць кліентам патрэбную фірму паводле пэўнага віду страхавання), суднавыя (арганізуюць заключэнне дагавораў па фрахтаванні суднаў), валютныя (купля-продаж замежных валют). Могуць аказваць кліентам і дадатковыя паслугі (у вывучэнні рынку, у рэкламе, даваць крэдыты). Брокера на фондавых біржах Вялікабрытаніі наз. сток-брокер, на англасакскіх біржах — джобер. Пасрэднікі, якія з’яўляюцца членамі фондавых біржаў і займаюцца перапродажам каштоўных папер, наз. дылерамі.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)