Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЦВЕ́Т,
аднаполая тычынкавая (мужчынская) кветка (напр., у агуркоў). Таксама П. наз.двухполыя або песцікавыя (жаночыя) кветкі, у якіх не адбылося апылення і апладнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШАХВО́СНІК (Myosurus),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе. На Беларусі 1 від — М. маленькі (M. minimus). Трапляецца ў пасевах, на лугах, каля дарог.
Аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце вузкалінейнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветаносныя сцёблы шматлікія. Кветкі дробныя, двухполыя, у коласападобных суквеццях, падобных на мышыны хвост (адсюль назва). Плод — шматарэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНО́ЛІЯ (Magnolia),
род кветкавых раслін сям. магноліевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Амерыцы. Культывуецца больш за 15 відаў (лістападныя ва ўмераных, вечназялёныя ў трапічных і субтрапічных зонах).
Дрэвы і кусты з простым, часам буйным (да 1 м) лісцем. Лісце мае ў сабе алкалоіды, эфірны алей і гліказіды. Кветкі верхавінкавыя, адзіночныя, двухполыя. Плод — спіральная шматлістоўка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРО́ТНІК (Rhynchospora),
род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі. На Беларусі 1 від — Ч. белы (R. alba). Трапляецца па берагах зарослых азёр, на тарфяных балотах, забалочаных лугах.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см. Утвараюць дзярнінкі. Сцёблы аблісцелыя, 3-гранныя. Лісце вузкае. Кветкі двухполыя, у каласках, суквецці галоўчатыя або пучкападобныя, з некалькіх каласкоў. Плод — арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ВІ,
акультураная кветкавая расліна роду актынідыя. Радзіма Аўстралія і Акіянія. Дзікарослыя віды роду пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі.
Павойная ці лазячая дравяністая кустападобная ліяна. Кветкі аднаполыя, радзей двухполыя, жоўтыя ці чырванаватыя. Плады — зялёныя або зеленавата-жоўтыя ягады, ядомыя. Багаты вітамінамі C, B, правітамінам A, жалезам, каліем, кальцыем, магніем, цукрам. Спажываюць у сырым, вараным, сушаным, замарожаным і марынаваным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЙПФРУ́Т (Citrus paradisi),
шматгадовая вечназялёная пладовая расліна роду цытрус, сям. рутавых. Дзікарослы невядомы. Культывуюць у ЗША, Паўн. Афрыцы, у Закаўказзі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях, аранжарэях.
Выш. 2—4 м. Лісце буйное, авальнае, бліскучае, скурыстае. Кветкі вял., белыя, двухполыя, адзіночныя або ў гронках у пазухах лісця. Плады масай 100—600 г, круглыя, з тоўстай аранжава-жоўтай скуркай, пахучыя, сакаўныя, гаркавата-салодкія, маюць танізоўныя ўласцівасці, паляпшаюць страваванне; спажываюць свежымі і перапрацаванымі (сокі, варэнне, кансервы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬДЭ́ЗІЯ (Caldęsia),
род кветкавых раслін сям. шальнікавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі — К. відомцалістая (C. parnassifolia). Рэдкі водна-балотны від (Лоеўскі р-н).
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—100 см з кароткім тонкім карэнішчам, на якім утвараюцца зімавальныя пупышкі (імі расліна расплоджваецца). Лісце акруглае, у разетцы, у наземных форм невялікае, на кароткіх чаранках; у водных — буйное, доўгачаранковае, плавае, падводнае стужкападобнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, дробныя, белыя. Плод — шматарэшак. Выміраючыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯКА́ЧКА, стафілея (Staphylea),
род кветкавых раслін сям. клякачкавых. 11 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.: гімалайская (S. emodi), перыстая (S. pinnata), трохлістая (S. trifolia).
Дрэвы або кусты выш. да 5 м. Лісце няпарнаперыстае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя або жаўтаватыя, у мяцёлках.
Плод 2—8-гнездавая каробачка. Бутоны ўжываюць як прыправу, квашаныя, марынаваныя, салёныя, насенне — ласунак, з яго вырабляюць пацеркі, ружанцы. Меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НГА (Mangifera),
род кветкавых раслін сям. анакардыевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. М. індыйскае (M. indica) са стараж. часу культывуецца ў Індыі.
Вечназялёныя дрэвы выш. 10—45 м. Лісце суцэльнае. Кветкі двухполыя і тычынкавыя, дробныя, белыя, у мяцёлчатых суквеццях. Плод — касцянка, зялёная, жоўтая або чырвоная. Плады М. індыйскага (даўж. да 25 см, дыям. да 10 см) ядомыя. Маюць да 20% цукру, шмат вітамінаў, ім уласціва процівіруснае дзеянне.