АСТАПКО́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (н. 25.1.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1975), засл. трэнер Беларусі (1993). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1975). Чэмпіён свету 1975 (байдарка-двойка, 500 м), 1981 (байдарка-двойка, 10 000 м) і 1983 (байдарка-чацвёрка, 10 000 м), сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету ў 1974, 1977, 1979, 1982. Неаднаразовы чэмпіён СССР.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАВА́ННЕ НА БАЙДА́РКАХ І КАНО́Э,

від вяслярнага спорту, гонкі і вяслярны слалам на байдарках і каноэ. Дыстанцыі гонак у мужчын (выступаюць на байдарках—адзіночках, двойках, чацвёрках, каноэ—адзіночках і двойках) 500, 1000 і 10 000 м, у жанчын (выступаюць толькі на байдарках) 500 м. Як від спорту развіваецца з 2-й пал. 19 ст. пераважна ў еўрап. краінах. З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя каноэ (ІКФ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1936 (для жанчын з 1948), чэмпіянаты свету з 1938, Еўропы з 1957. На Беларусі першы чэмпіянат па гонках на байдарках праведзены ў 1951, з 1955 у рэсп. спаборніцтвы ўключаны гонкі на каноэ. Дзейнічае Асацыяцыя каноэ Рэспублікі Беларусь. Бел. весляры з 1952 удзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся Л.​Гейштар і С.​Макаранка (1960, каноэ-двойка), М.​Гарбачоў (1972, байдарка-двойка), У.​Раманоўскі (1976, байдарка-двойка), У.​Парфяновіч (1980, байдарка, 3 залатыя медалі), В.​Рэнейскі (1988, каноэ-двойка, 2 залатыя медалі), Дз.​Даўгалёнак і А.​Масейкаў (1992, каноэ-двойка); чэмпіёны свету — Гейштар і Макаранка (1963), Н.​Вакула (1970), Т.​Папова (Шыманская, 1970, 1973), М.​Хахол (1970, 1971, 1973), У.​Сава (1973), Гарбачоў (1974), Л.​Дзеравянка (1974), М.​Астапковіч (1974, 1981, 1983), В.​Вараб’ёў (1975), У.​Тайнікаў (1978), Н.​Дорах (1979), Парфяновіч (1979, 1981—84), Раманоўскі (1981—82), В.​Пусеў (1984, 1989), А.​Мызгін (1989, 1990), Э.​Пліткін (1990), Рэнейскі (1989, 1990—91), Дз.​Банькоўскі (1990).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Паўлавіч) (28.7.1906. с. Сурска-Літоўскае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 13.12.1988),

расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974). Правадз. чл. АМ СССР (1953). Вучыўся ў Ін-це выяўл. мастацтваў у Маскве (1929—34). У 1937—38 супрацоўнічаў з час. «Крокодил». Выкладаў у маскоўскіх маст. (1953—57) і пед. (1956—62) ін-тах. У 1974—87 віцэ-прэзідэнт АМ СССР. Аўтар жанравых карцін «Прыбыў на канікулы» (1948), «Зноў двойка» (1952), твораў на гіст., батальныя, публіцыстычныя тэмы «За мір!» (1950), «В’етнамская маці» (1968), «Апалон—Саюз» (1982), партрэтаў «Першыя героі Савецкага Саюза» (1976), «А.​В.​Ляпідзеўскі» (1979), трыпціха «Таямніцы абстракцыянізму» (1960), ілюстрацый да кніг. Майстар востравыразных графічных і скульпт. шаржаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Тв.:

Тайны абстракционизма. М., 1963.

Ф.Рашэтнікаў Зноў двойка. 1952.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)