ЛЫ́КА,

унутраная (лубяная) частка кары маладых лісцевых дрэў, пераважна ліпы. Выкарыстоўваецца для пляцення кошыкаў. Даўней з Л. плялі лапці.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДКІ,

бел. традыцыйны мучны выраб. Пшанічную муку (вышэйшых гатункаў) замешваюць на заквасцы, разведзенай малаком, сыраквашай, сыроваткай. У цеста дадаюць яйкі, масла, соду або дрожджы. Пякуць на змазанай тлушчам патэльні ў гарачым духу печы. Гатовыя аладкі мажуць маслам, мачаюць у тук, смятану ці варэнне, даўней палівалі цёртым макам (найчасцей на Каляды). Пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі. На Палессі аладкамі наз. бліны з таркаванай бульбы.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАТЫ, велікалюды,

персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;

Federowski М. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,

традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.

М.П.Жабінская.

Да арт. Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)