Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ЛЫ [ад геа... + ...філ(ы)],
(, арганізмы, частка цыкла развіцця якіх, найчасцей адна з фаз, абавязкова праходзіць у глебе, глеі, зрэдку ў больш шчыльных пародах. Да іх належыць большасць насякомых: саранчовыя, шмат жукоў, камары-даўганожкі, лічынкі якіх развіваюцца ў глебе, а ў дарослым стане — тыповыя наземныя насельнікі. Да геафілаў належаць і насякомыя, якія знаходзяцца ў глебе ў фазе кукалкі, дажджавыя чэрві, некат. малюскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРЫ́ (Nematocera),
падатрад даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. У сусв. фауне 35 сям., больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. К. падзяляюць на групы, якія ўключаюць па некалькі сям.: галіцы, гнюс, грыбныя камарыкі, даўганожкі, камары-дзергуны, ці званцы, матыліцы, таўстаножкі і інш.
Найб. вядомыя камар звычайны і малярыйныя камары. На Беларусі каля 40 відаў. Жывуць у вільготных мясцінах.
Даўж. 3—30 мм. Цела і ногі доўгія, тонкія, крылы вузкія, жылкі ў лускавінках. Вусікі доўгія, членістыя (органы нюху). Ротавыя органы колючыя, на ніжняй губе размешчаны колючыя іголкападобныя сківіцы; паміж імі падглотачнік, дзе праходзіць пратока слінных залоз. Дарослыя К. вядуць пераважна паветраны спосаб жыцця. За лета выводзіцца 1 або некалькі пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХКРЫ́ЛЫЯ (Diptera),
атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.
Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая з вял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).
Літ.:
Систематика и эволюция двукрылых насекомых. Л., 1977;