Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДА́НТА
(санскр., літар. канец ведаў),
рэлігійна-філасофская сістэма ў інд. філасофіі. Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад; гл. Веды) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданту, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асн. філас. катэгорыі веданты: брахман (касм. душа), атман (індывід. душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягненне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.
Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля 4—3 ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданта-сутры»), што існавалі ў 7 ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданты — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывід. Я (джыву) і Брахман. Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму 20 ст. Р.Тагор, С.Радхакрышнан і інш.
Літ.:
Чаттерджи С., Датта Д. Введение в индийскую философию: Пер. с англ. М., 1955;
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: Пер. с чеш. М., 1969;
Костюченко В.С. Классическая веданта и неоведантизм. М., 1983.
А.В.Гурко.
т. 4, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ Махандас Карамчанд
(2.10.1869, г. Парбандар, Індыя — 30.1.1948),
мысліцель, грамадска-паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з лідэраў інд. нац.-вызв. руху, заснавальнік і ідэолаг гандзізму. Празваны Махатмам («вялікая душа»). Юрыдычную адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі. У 1893—1915 жыў у Паўд. Афрыцы. Філас. і грамадска-паліт. погляды Гандзі сфарміраваліся на аснове класічнай інд. філасофіі і пад уплывам ідэй прадстаўнікоў зах.-еўрап. (К.Маркс, Ч.Дарвін, ідэолагі фабіянскага сацыялізму) і рус. (П.А.Крапоткін, Л.М.Талстой) філас. і паліт. думкі. Асн. палажэнне яго філасофіі — атаясамліванне Бога і ісціны, спасціжэнне якой магчыма праз маральнае самаўдасканаленне чалавека, гуманіст. арыентаванасць яго думкі і дзеянняў; найважнейшы прынцып — гуманізм, які трактуецца як абавязак-людзей у барацьбе за здзяйсненне сваіх патрабаванняў і ідэалаў паважаць жыццё ва ўсіх яго праявах. Распрацаваў канцэпцыю сат’яграхі (літар. ўпартасць у ісціне) — сілы ісціны і любові, ненасілля, якія супрацьпастаўляюцца любым формам зла і насілля. Гандзі звязваў узвышанасць грамадскага ідэалу з чысцінёй сродкаў яго дасягнення. Адстойваў тэорыю інд. нацыі, цэласнасць незалежнай інд. дзяржавы, грамадз. і паліт. адзінства індусаў, сікхаў, мусульман і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Моя жизнь. М., 1969.
Літ.:
Роллан Р. Махатма Ганди: Пер. с фр. Л., 1924;
Датта Д. Философия Махатмы Ганди: Пер. с англ. М., 1959;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986;
Горев А.В. Махатма Ганди. М., 1984.
В.І.Боўш.
т. 5, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)