ДАР’Е́НСКІ ЗАЛІ́Ў (Golfo del Darien),

заліў на ПдЗ Карыбскага м., каля берагоў Калумбіі і Панамы. Даўж. 165 км, глыб. ад 70 м (каля ўзбярэжжа) да 1200—2000 м (у адкрытай частцы). Прылівы няправільныя паўсутачныя (да 0,6 м). Паўд. вузкая частка Д.з., якая ўдаецца ў сушу на 100 км, наз. залівам Ураба.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСА́РА ((Pizarro) Франсіска) (каля 1479, г. Трухільё, Іспанія — 26.6.1541),

іспанскі канкістадор. Удзельнік экспедыцыі А. дэ Ахеды да берагоў Паўд. Амерыкі (1509) і заваявання тэр. Панамы (1510). У 1513 разам з В.Нуньесам дэ Бальбоа перасек Дар’енскі (цяпер Панамскі) перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага акіяна. У 1532—36, выкарыстаўшы міжусобную барацьбу сярод інкаў, заваяваў і знішчыў іх дзяржаву Таўантынсую. У 1535 заснаваў г. Ліма. Жорстка задушыў паўстанне індзейцаў (1535—37). Забіты прыхільнікамі Д.Альмагра.

М.​К.​Багадзяж.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́БСКАЕ МО́РА (Caribbean Sea),

Караібскае мора, паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., паміж Цэнтр. і Паўд. Амерыкай і Вялікімі і Малымі Антыльскімі а-вамі. Абмывае берагі дзяржаў: Мексіка, Беліз. Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама, Калумбія, Венесуэла, Трынідад і Табага, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Грэнада, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў.

На ПнЗ злучана Юкатанскім прал. з Мексіканскім зал., на ПнУ і У — пралівамі паміж Антыльскімі а-вамі з Атлантычным ак., на ПдЗ — штучным Панамскім каналам з Ціхім ак. Пл. 2777 тыс. км². Найб. глыб. 7090 м. Берагі месцамі гарыстыя, на асобных участках нізінныя; на З і каля Антыльскіх а-воў акаймаваны каралавымі рыфамі. Берагавая лінія моцна парэзаная; на З і Пд залівы Гандураскі, Дар’енскі, Венесуэльскі. Найб. астравы: Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка. Клімат трапічны, знаходзіцца пад уплывам пасатнай цыркуляцыі. Т-ра вады зімой 25 °C, летам 28 °C. Салёнасць каля 36‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца акулы, лятучыя рыбы, марскія чарапахі і інш., трапляюцца кашалоты і гарбатыя кіты, на в-ве Ямайка — цюлені і ламанціны. Праз К.м. і Панамскі канал праходзіць найб. кароткі марскі шлях з Атлантычнага ў Ціхі ак. Гал. парты: Маракайба, Ла-Гуайра (Венесуэла), Картахена (Калумбія), Лімон (Коста-Рыка), Калон (Панама), Санта-Дамінга (Дамініканская Рэспубліка), Сант’яга-дэ-Куба (Куба).

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)