Дарыйцы 4/64; 5/469; 6/147

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),

адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш. паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.​Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх. дарычнага ордэра.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЭ́КІ, перыойкі (грэч. perioikoi літар. суседзі),

непаўнапраўная частка насельніцтва ў стараж.-грэч. дзяржавах (Спарце, Аргасе, Элідзе, Фесаліі). Спартанскія П. — нашчадкі карэннага насельніцтва, якое падпарадкавалі дарыйцы і адцяснілі на ўскраіны Лаконіі. Не мелі паліт. правоў, але ў адрозненне ад ілотаў былі асабіста свабоднымі. Жылі ў пасёлках з абмежаваным самакіраваннем, маглі мець невял. зямельныя ўчасткі, займаліся рамёствамі і гандлем, плацілі спартанцам даніну. У войску павінны былі служыць у цяжкаўзброенай пяхоце.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛО́ТЫ,

земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДЫЯ (Arkadia),

гіст. вобласць у цэнтральнай гарыстай ч. Пелапанеса ў Грэцыі. У канцы 2-га тыс. да н.э. насельніцтва Аркадыі — ахейцы, якіх выцеснілі сюды дарыйцы. З 550-х г. да н.э. пад гегемоніяй Спарты. У 371 да н.э. фіванскі палкаводзец Эпамінонд пасля перамогі над спартанцамі заснаваў у Аркадыі г. Мегалопаліс і стварыў саюз гарадоў, у які ўвайшлі таксама Мантынея, Тэгея, Архамен (з 250 да н.э. належалі Ахейскаму саюзу). У 146 да н.э. Аркадыя адышла да Рыма. У ант. л-ры і пастаралях 16—18 ст. Аркадыя апісвалася як шчаслівая райская краіна пастухоў.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)