ДА́РВІНА ПРЫ́НЦЫП КЛАСІФІКА́ЦЫІ,

прынцып, паводле якога «чым менш якая-н. ч. арганізма звязана з якімі-н. асаблівымі функцыямі, тым больш яна мае значэнне для класіфікацыі». Напр., малюнак афарбоўкі ў птушак, жылак крыла насякомых, форма карэнных зубоў млекакормячых з’яўляюцца каштоўнымі крытэрыямі (адзнакамі) для класіфікацыі гэтых жывёл. Сфармуляваў Ч.Дарвін (1859).

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Ануфрыевіч) (14.8.1842, с. Шусцяны Прэйльскага р-на, Латвія — 28.4.1883),

расійскі прыродазнавец, заснавальнік эвалюц. палеанталогіі. Брат А.А.Кавалеўскага. Паслядоўнік і прапагандыст вучэння Ч.​Дарвіна. У 1869—74 працаваў у Францыі, Германіі, Англіі, з 1875 у Пецярбургскім ун-це, з 1880 дацэнт Маскоўскага ун-та. Аўтар працы па гісторыі развіцця канечнасцей капытных жывёл. Першым з палеантолагаў дастасаваў эвалюц. вучэнне да праблем філагенезу пазваночных. Адкрыў узаемасувязь марфалогіі і функцыян. змен у залежнасці ад умоў існавання, адзначыў, што існуе залежнасць узаемасувязі з геал. пераўтварэннямі. Пераклаў на рус. мову шэраг работ Дарвіна.

Тв.:

Собр. науч. тр. Т. 1—2. М., 1950—56.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ТАРГА (Сцяпан Сямёнавіч) (24.2.1805, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 7.5.1861),

вучоны-прыродазнавец, педагог і папулярызатар навукі. Брат М.С.Кутаргі. Д-р медыцыны (1832). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1832). У 1833—61 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1842—61 старшыня Пецярбургскага мінералагічнага т-ва. Навук. працы па заалогіі, геалогіі, палеанталогіі. Прапагандаваў вучэнне Ч.​Дарвіна. Склаў геал. карту Пецярбургскай губерні. Штогод К. і яго брат прыязджалі ў Мсціслаў, дзе вялі культ.-асв. работу.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КЕЛЬ ((Haeckel) Эрнст) (16.2.1834, г. Патсдам, Германія — 9.8.1919),

нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст. Прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч.​Дарвіна. Вучыўся ва ун-тах Берліна і Вюрцбурга. У 1861—1909 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па агульнай марфалогіі, антрапагеніі, гісторыі развіцця чалавека. Сфармуляваў тэорыю гастрэі: паходжанне шматклетачных жывёл ад гіпатэтычнага продка, які нагадваў двухслаёвы зародак — гаструлу. Прапанаваў першае «радаслоўнае дрэва» жывёльнага свету, сфармуляваў біягенетычны закон. Прадказаў дыскрэтнасць генаў, іх лакалізацыю ў храмасомах і ролю ў антагенезе.

Тв.:

Рус пер. — Естественная история миротворения. Т. 1—2. СПб., 1914.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КСЛІ, Хакслі (Huxley) Томас Генры (4.5.1825, г. Ілінг, каля Лондана — 29.6.1895), англійскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1864). Па адукацыі ўрач. Паплечнік Ч.​Дарвіна і прапагандыст яго вучэння. Праф. Каралеўскай горнай школы (1854—95), сакратар (1871—80) і прэзідэнт (1883—85) Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па заалогіі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, антрапалогіі і эвалюцыйнай тэорыі. Распрацоўваў таксама пытанні геалогіі. Параўнальна-анатамічнымі даследаваннямі даказаў марфал. блізкасць чалавека і вышэйшых малпаў, птушак і паўзуноў, медуз і паліпаў. Развіў і абгрунтаваў палажэнне пра адзінства будовы чэрапа пазваночных жывёл.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РХАЎ ((Virchow) Рудольф) (13.10.1821, Шыфельбайн, Германія, цяпер г. Свідвін, Польшча — 5.9.1902),

нямецкі прыродазнавец, анатам і патолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік паталагічнай анатоміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1881). Скончыў Берлінскі ун-т (1843). З 1849 у Вюрцбургскім ун-це (з 1856 праф.), адначасова дырэктар Ін-та паталогіі. Навук. працы па тэорыі цэлюлярнай (клетачнай) паталогіі, у адпаведнасці з якой паталаг. працэс — сума парушэнняў жыццядзейнасці асобных клетак арганізма. Апісаў патамарфалогію і растлумачыў патагенез асн. агульнапаталагічных працэсаў. Займаўся антрапалогіяй, археалогіяй і этнаграфіяй. У апошнія гады жыцця праціўнік эвалюц. вучэння Ч.​Дарвіна. У 1880—93 чл. рэйхстага, адзін з заснавальнікаў і лідэраў ням. бурж.-ліберальнай прагрэс. партыі (1861, з 1884 — Партыя свабодамысных).

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́КЕР ((Hooker) Джозеф Долтан) (30.6.1817, Хейлсуэрт, Вялікабрытанія — 10.12.1911),

англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1874). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1859), чл. Парыжскай АН (1866). Вучыўся ва ун-це г. Глазга. З 1855 у Бат. садзе ў К’ю (Лондан), у 1865—85 дырэктар. У 1873—78 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Аўтар (разам з Дж.​Бентамам) працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Адзін з першых прапагандыстаў дарвінізму. Апрацаваў калекцыі Ч.​Дарвіна з а-воў Галапагас. Навук. працы па батаніка-геагр. і фларыстычных даследаваннях Аўстраліі, Паўн. Індыі і Непала.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІН ((Darwin) Чарлз Роберт) (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),

англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн. навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭАЦЫЯНІ́ЗМ (ад лац. creatio стварэнне),

рэлігійнае вучэнне пра стварэнне свету Богам з нічога. Пашыраны ў іудаізме, хрысціянстве, ісламе. У біблейскай версіі гэта «творчы акт» Бога, які на працягу 6 дзён стварыў жывую і нежывую прыроду і чалавека. Мае разнавіднасці — ідэі аднаразовага ці шматразовага стварэння свету (атрымала своеасаблівае «пацвярджэнне» ў катастроф тэорыі Ж.​Кюўе), а таксама пастаяннага стварэння свету. Прыхільнікі падобных ідэй былі і сярод вучоных, якія выступалі супраць канцэпцыі натуральнага развіцця і эвалюцыі матэрыі ад яе найпрасцейшых форм да ўзнікнення чалавека і паступальнага прагрэс. развіцця грамадства. З процілеглых К. пазіцый праблему развіцця жывой прыроды разглядае эвалюцыйнае вучэнне Ч.​Дарвіна, Г.​Гекслі, Э.​Гекеля і інш. У цяперашні час у мадэрнізаваных формах К. выкарыстоўваецца тэалогіяй для абгрунтавання рэліг. карціны свету.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧО́К (Марка) (сапр. Вілінская-Марковіч Марыя Аляксандраўна; 22.12.1834, с. Екацярынінскае Ліпецкай вобл., Расія — 10.8.1907),

украінская і руская пісьменніца. Жонка ўкр. фалькларыста і этнографа А.​В.​Марковіча. Пісала на ўкр., рус. і франц. мовах. Выдавала час. «Переводы лучших иностранных писателей» (1871—72, Пецярбург). У зб-ках «Народныя апавяданні» (1857) і «Апавяданні з народнага рускага побыту» (1859) рэалістычна адлюстроўвала жыццё прыгонных сялян да рэформы 1861. У аповесцях і раманах на рус. мове («Глухі гарадок», 1862; «Жывая душа», 1868; «Цёплае гняздзечка», 1873, і інш.) выкрывала гніласць дзярж. ладу царскай Расіі, высмейвала прадажнае чыноўніцтва, інтэлігентаў-філантропаў, бурж. лібералаў. Збірала ўкр. і рус. фальклор. Пераклала на рус. мову 15 раманаў Ж.​Верна, творы Х.​К.​Андэрсена, Б.​Пруса, А.​Брэма, Ч.​Дарвіна.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1964—67;

Твори. Т. 1—2. Київ, 1983.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)