КЛІМЧУ́К Віктар Ігнатавіч (н. 28.10.1946, в. Сіманавічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыў Куйбышаўскі ін-т культуры (1982). З 1985 рэжысёр Віцебскай лялечнай трупы пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1990 маст. кіраўнік створанага на аснове лялечнай трупы Бел. т-ра «Лялька». Яго пастаноўкі вылучаюцца высокай эстэтыкай, маст. густам, разнапланавасцю. Сярод іх: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1986), «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.​Сіняўскага (1988), «Папялушка» Я.​Шварца (1991), «Дапытлівы слонік» Р.​Кіплінга (1993), «Хлопчык-Зорка» О.​Уайльда (1995), «Чароўная зброя Кэндзо» М.​Супоніна (1996, Гран-пры на Міжнар. фестывалі «Белая Вежа» ў Брэсце, 1998; прыз на Міжнар. фестывалі ў Субаціцы, Югаславія, 2000), «Брэменскія музыкі» В.​Ліванава і Ю.​Энціна (1998), «Ладдзя Роспачы» Р.​Асвяціча паводле У.​Караткевіча (2000) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТЭА́ТР «ЛЯ́ЛЬКА».

Створаны ў 1990 у Віцебску з трупы лялечнікаў, якая працавала пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа з 1986. Маст. кіраўнік В.​Клімчук, гал. мастак А.​Сідараў (з 1990). 20.4.1986 паказаны першы спектакль трупы «Дзед і Жораў» В.​Вольскага. Як самастойны тэатр адкрыўся ў 1990 спектаклем «Казка пра Ямелю» Я.​Тарахоўскай. У супрацоўніцтве з бел. аўтарамі створаны спектаклі: «Прыгоды трох парасят» Н.​Мацяш, «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» П.​Сіняўскага, «Іванава шчасце» А.​Дыбчы (паводле бел. нар. казак), «Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка» У.​Граўцова (паводле твораў Я.​Баршчэўскага). Сярод інш. пастановак: «Усмешка клоуна» Я.​Чапавецкага, «Казкі Андэрсена» (інсцэніроўка рэж. Я.​Угрумава), «Чорная курыца» А.​Пагарэльскага, «Папялушка» Я.​Шварца, «Лялечнік» М.​Стывенса, «Дапытлівы слонік» Р.​Кіплінга, «Хлопчык-зорка» О.​Уайльда. Акцёры працуюць з лялькамі розных сістэм (марыянеткі, трысцёвыя, планшэтныя, пальчатачныя).

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Беларускі тэатр «Лялька». Удзельнікі спектакля «Дзед і Жораў» В.​Вольскага.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЗІКЛ (ад англ. musical музычны, меладычны),

музычна-сцэнічны жанр, які спалучае разнастайныя сродкі эстр. і быт. музыкі, драм., харэаграфічнага і опернага мастацтваў. У адрозненне ад аперэты мае скразную пластычную драматургію, уключае вак.-харэаграфічныя ансамблі, можа быць і камедыяй і драмай.

Як жанр сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў ЗША. Яго вытокі ў традыцыях англа-амер. баладнай оперы і муз. камедыі канца 19 — пач. 20 ст. Перыяд росквіту — 1940—60-я г.: «Аклахома» Р.​Роджэрса (1943), «Цалуй мяне, Кэт» К.​Портэра (1948), «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу (1956), «Вестсайдская гісторыя» Л.​Бернстайна (1957), «Скрыпач на даху» Дж.​Бока і «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1964), «Чалавек з Ламанчы» М.​Лі (1965) і інш. З канца 1960-х г. адбываецца крызіс жанру, звязаны з развіццём поп-музыкі і рок-оперы. У той жа час М. пашырыўся ў Еўропе. Вядомы экранізацыі М.: «Старыя на ўборцы хмелю» І.​Бажанта, І.​Маласека і В.​Галы (Чэхаславакія, 1964), «Дзяўчаты з Рашфора» М.​Леграна (Францыя, 1966), «Смешная дзяўчына» Дж.​Стайна (ЗША, 1969), «Олівер» Л.​Барта (Вялікабрытанія, 1970) і інш. У М. рас. кампазітараў выкарыстоўваюцца нац. традыцыі муз. т-ра, элементы рок-музыкі, песенныя жанры: «Мой брат іграе на кларнеце» А.​Фельцмана (1968), «Вяселле Крачынскага» А.​Колкера (1973), «Тры мушкецёры» М.​Дунаеўскага, «Тыль» Г.​Гладкова, «Бумбараш» У.​Дашкевіча (усе 1974), «Прыгоды Бураціна» А.​Рыбнікава (1975) і інш.

Сярод бел. кампазітараў у жанры М. працуюць А.​Залётнеў («Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, 1983; «Дапытлівы слонік» паводле Р.​Кіплінга, 1993; «Драўляны рыцар», 1994; «Сцяпан — вялікі пан» паводле А.​Вольскага, 1995), А.​Мдывані («Мес Менд», 1987), У.​Кандрусевіч («Нявеста для Марціна», 1988; «Джулія» паводле С.​Моэма, паст. 1990; «Шклянка вады», паст. 1994, усе Мінск; «Залёты» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча, паст. 1992, Віцебск), С.​Бельцюкоў («Сцяпан — вялікі пан», 1989), А.​Будзько («Пітэр Пэн», паст. 1990, Мінск) і інш.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)