ІНВЕ́РСІЯ (ад лац. inversio перастаноўка) у мовазнаўстве, мэтазгоднае змяненне звычайнага (прамога) парадку слоў у сказе. У гутарковай мове служыць сродкам сэнсавага члянення выказвання (падзел на зыходную частку — дадзенае і тое, што гаворыцца пра яе — новае). Параўн. «Ён не прасіў мяне дапамагчы» і «Мяне дапамагчы ён не прасіў». У мовах з фіксаваным парадкам слоў І. мае грамат. нагрузку (напр., для стварэння пытальных сказаў у рус., англ., франц. мовах). У публіцыстыцы і маст. творах І. — стылістычная фігура, якая ўзмацняе выразнасць выказвання, падкрэслівае тую ці інш. думку, паняцце: «У імя беззваротнага мінулага я прашу аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў!» (М.​Лынькоў).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАЦЭ́Я [лац. panacea ад імя стараж.-грэч. багіні Панакеі (Panakeia), якая лечыць усё],

1) у алхімікаў — лякарства нібыта ад усіх хвароб.

2) У перан. сэнсе — уяўны сродак, які можа дапамагчы ва ўсіх выпадках жыцця.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́РБЕР, Кербер,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жудасны трохгаловы сабака-пачвара са змяіным хвастом і тулавам, усеяным змяінымі галовамі, які ахоўвае ўваход у падземнае царства мёртвых — Аід. Паводле міфаў, толькі асобным героям удалося перамагчы Ц.: Геракл звязаў яго, Арфей зачараваў сваімі спевамі, а адна з грэч. сівіл, каб дапамагчы Энею, усыпіла праснаком са снатворнай травой. У пераносным сэнсе Ц. — люты, няўмольны вартавы.

т. 17, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЭМІГРА́НТ»,

штомесячная газета бел. эміграцыі, орган Згуртавання беларусаў Канады. Выдавалася ў 1948—54 у Таронта (да кастр. 1949, № 1—19, на рататары). Гал. рэдактар К.​Акула (з № 9 за 1948). Газета прапагандавала ідэю нац. незалежнасці Беларусі, друкавала матэрыялы аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі і інш. Імкнучыся дапамагчы беларусам прыстасавацца да жыцця ў эміграцыі, змяшчала інфармацыю аб Канадзе, парады. Выйшла 58 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕ́ДКІ,

традыцыйны звычай бел. радзіннай абраднасці — наведванне парадзіхі пасля родаў; лакальныя назвы водведы, адведзіны, провідкі, наведы. У адведкі ішлі звычайна замужнія жанчыны ў першыя 2—3 дні (на Палессі — у 2 тыдні і болей) пасля родаў, каб дапамагчы парадзісе і яе сям’і. Паводле звычаю ў адведкі неслі з сабою яешню, хлеб, кашу, сыр, мёд, на Палессі яшчэ боршч, аладкі, варэнікі і інш. Звычай захаваўся, але ў адведкі сталі хадзіць і мужчыны, і незамужнія.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ, Вашынгтонская дэкларацыя. Падпісана ў Вашынгтоне 1.1.1942 прадстаўнікамі 26 дзяржаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Бельгіі, Гаіці, Гандураса, Гватэмалы, Грэцыі, Дамініканскай Рэспублікі, Індыі, Канады, Кітая, Коста-Рыкі, Кубы, Люксембурга, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нікарагуа, Новай Зеландыі, Панамы, Паўднёва-Афрыканскага Саюза, Польшчы, Сальвадора, Чэхаславакіі і Югаславіі). Прынята ў развіццё Атлантычнай хартыі 1941. Прадугледжвала абавязацельствы бакоў (атрымалі назву Аб’яднаных Нацый) выкарыстаць усе свае ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць фаш. Германіі, яе саюзнікаў і сатэлітаў, узаемнае супрацоўніцтва краін антыгітлераўскай кааліцыі, незаключэнне імі сепаратнага перамір’я або міру з праціўнікам, далучэнне да Дэкларацыі інш. нацый, якія дапамагаюць або могуць дапамагчы ў барацьбе з фашызмам. З’явілася важным крокам у справе аб’яднання сіл антыгітлераўскай кааліцыі.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РВЕНСКІ САЮ́ЗНЫ ДАГАВО́Р 1704 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.

Падпісаны 30 жн. рас. паслом Ф.​А.​Галавіным і паслом Рэчы Паспалітай Т.​Дзялынскім (фактычна прадстаўляў Сандамірскую канфедэрацыю, што падтрымлівала караля Аўгуста ІІ у барацьбе супраць таксама выбранага каралём швед. стаўленіка Станіслава Ляшчынскага) каля г. Нарва (Эстонія) у Паўночную вайну 1700—21. Бакі абавязваліся весці сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі і не заключаць сепаратных пагадненняў. Расія абяцала даць Аўгусту II дапаможнае войска (12 тыс. чал. і артылерыю), выплачваць штогод субсідыю (200 тыс. руб.) на ўтрыманне арміі Рэчы Паспалітай (48 тыс. чал.), дапамагчы ў падаўленні казацкага паўстання на Правабярэжнай Украіне. У выніку дагавора Рэч Паспалітая атрымлівала магчымасць супрацьстаяць швед. агрэсіі, Расія разлічвала звязаць гал. сілы шведаў у глыбіні Рэчы Паспалітай. Пасля паражэнняў ад швед. войск Аўгуст II 24.9.1706 заключыў са швед. каралём Карлам XII сепаратны Альтранштацкі мір, чым фактычна скасаваў Н.с.д.

Л.​Л.​Міхайлоўская.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВІ́НКА»,

дзіцячая гульня на Беларусі. Колькасць удзельнікаў неабмежавана. Кожны гулец павінен мець кіёк. Каб вырашыць, каму выконваць ролю пастуха, праводзілася жараб’ёўка: па чарзе браліся за кіёк зверху над рукой папярэдняга, і каму выпала брацца за канец кійка апошнім, заставаўся «пастухом». Удзельнікі свабодна станавіліся кругам і выкопвалі насупраць сябе неглыбокую ямку, у якой на працягу гульні трымалі канец кійка. «Пастух» з дапамогай кійка «выганяў» (выкатваў) на «выган» (цэнтр круга) «С.» (невял. кавалак дрэва) і пачынаў яе «пасвіць» (падштурхоўваць то да аднаго, то да другога гульца). Гулец павінен быў хутка адагнаць яе ад сябе на «выган» (адкінуць кавалак дрэва ў цэнтр круга) і паставіць кіёк назад у ямку. «Пастух» таксама імкнуўся паставіць свой кіёк у свабодную ямку гульца, і калі яму ўдавалася, яны мяняліся ролямі. Дапамагчы гульцу адагнаць «С.» мог суседні гулец. Гульня вядома на Магілёўшчыне, Міншчыне і Віцебшчыне.

В.​Дз.​Ліцвінка.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭАНТАЛО́ГІЯ медыцынская, сукупнасць маральных норм прафесійных паводзін мед. работнікаў.

Тэрмін прапанаваў у пач. 19 ст. англ. філосаф Дж.​Бентам для абазначэння тэорыі маральнасці. Асновы Д. вядомы яшчэ ў медыцыне стараж. свету. У кожную гіст. эпоху ў адпаведнасці з пануючай у грамадстве мараллю прынцыпы Д. мелі характэрныя асаблівасці, але заставаліся непарушнымі агульначалавечыя, пазакласавыя этычныя нормы мед. прафесіі — аблягчыць пакуты і дапамагчы хвораму чалавеку. Асабліва важная роля ў вызначэнні маральных пачаткаў мед. Дзейнасці належыць Гіпакрату. Дэанталагічныя прынцыпы, выказаныя ў яго «Клятве», актуальныя і цяпер.

Д. фарміруе прынцыпы паводзін мед. персаналу, накіраваныя на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для эфектыўнага лячэння хворых. Яна ўключае ў сябе розныя аспекты працы ўрача — ад этычных, маральных прынцыпаў да прававых пытанняў у канфліктных сітуацыях. У сферу Д. ўваходзяць пытанні, звязаныя з лячэбнай тактыкай, узаемаадносінамі ўрача з хворым, яго сваякамі, з паняццем урачэбнай тайны, калегіяльнасцю, памылкамі і адказнасцю ўрачоў, паводзінамі ўрача ў быце і інш. Д. стала абавязковай састаўной часткай падрыхтоўкі і выхавання мед. персаналу.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЙДАМАРКСІ́ЗМ,

кірунак у фрэйдызме, прыхільнікі якога імкнуліся да аб’яднання вучэнняў К.​Маркса і З.​Фрэйда. Асн. яго прадстаўнікі (В.​Райх, Г.Маркузе) абгрунтоўвалі мэтазгоднасць сінтэзу палажэнняў марксізму і фрэйдызму тым, што гэтыя вучэнні з’яўляюцца аднолькава крытычнымі і рэвалюцыйнымі. Распрацаваная Райхам «сексуальна-эканам.» тэорыя не абмяжоўвалася даследаваннем асобнага чалавека, а пашыралася на сац.-паліт. сферы грамадства — аўтарытарныя інстытуты, сац.-эканам. адносіны паміж людзьмі, ідэалагічныя рухі, у т. л. фашызм. Паводле Ф., сац. рэвалюцыя павінна арганічна спалучацца з рэвалюцыяй сексуальнай, што прывядзе да вызвалення індывідаў ад маральных, сац. і эканам. абмежаванняў; толькі сексуальнае разняволенне здольна вызваліць ад канфармісцкіх тыпаў характару, што фарміруюцца наяўнымі формамі грамадства і сям’і, і прадухіліць таталітарызм і «субліміраванае рабства». Радыкальную версію Ф. прапанавалі Ф.​Гватары і Ж.​Дэлёз, якія распрацавалі тэорыю шызааналізу, які, на іх думку, закліканы дапамагчы людзям цалкам вызваліцца ад канфармізму і адкрыць шлях да здзяйснення іх жаданняў.

Літ.:

Маркузе Г. Эрос и цивилизация: Пер. с англ. Киев, 1995;

Райх В. Психология масс и фашизм: Пер. с нем. СПб., 1997;

Яго ж. Сексуальная революция: Пер. с нем. СПб.;

М., 1997;

Яго ж. Функция оргазма: Пер. с нем. СПб.;

М., 1997.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)