ДА́НЧЫК (сапр. Андрусышын Багдан; н. 3.1.1958, Нью-Йорк),

амерыканскі і бел. спявак (лірычны тэнар), журналіст. З роду пачынальнікаў бел. адраджэння 20 ст. I. і А.​Луцкевічаў (прабабка спевака Э.​Шабуня іх родная сястра). Скончыў ф-т журналістыкі Нью-Йоркскага ун-та (1989). З 1992 працуе на радыёстанцыі «Свабода». Адзін з найб. яркіх сучасных выканаўцаў бел. песні ў ЗША і Канадзе. Мае прыгожы голас мяккага пяшчотнага тэмбру. Выкананне адметнае шчырасцю, асэнсаванасцю. У рэпертуары пераважаюць творы бел. кампазітараў на словы бел. паэтаў і бел. нар. песні. У Нью-Йорку выпушчана 5 грампласцінак з бел. песнямі і рамансамі ў выкананні Д. (адна з іх у дуэце з Л.Барткевічам), а таксама магнітаальбомы. Неаднаразова наведваў Беларусь, даў шэраг канцэртаў, у т. л. дабрачынныя на карысць дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. На кінастудыі «Беларусьфільм» пра яго зняты дакумент. фільм (1989).

Літ.:

Сабалеўскі А. Данчык — шлях да Беларусі // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;

Я го ж. Ля вытокаў культурнага адраджэння: (Данчык у Беларусі) // Там жа. Кн. 2.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),

паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л. шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).

Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.

У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.​Буднік, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ю.​Семяняка, Э.​Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.​Вуячыч, Т.​Раеўская, Н.​Багуслаўская, Э.​Міцуль, А.​Падгайскі, В.​Кучынскі, Я.​Еўдакімаў, Я.​Паплаўская і А.​Ціхановіч, І.​Афанасьева, М.​Скорыкаў, І.​Дарафеева, В.​Дайнэка, Л.​Ялінская, І.​Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар. муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.​Шадзько, а таксама Э.​Акулін, З.​Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.​Казанцава, А.​Камоцкі, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш.

А.​А.​Карпілава.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)