ДАМІНО́ (франц. і італьян. domino ад лац. dominus пан),
1) маскарадны касцюм у выглядзе плашча з рукавамі і капюшонам, а таксама чалавек у такім касцюме.
2) Плашч з капюшонам у каталіцкіх манахаў.
3) Настольная гульня ў пластмасавыя або касцяныя пласцінкі, на якіх нанесены кропкі (ачкі), а таксама набор пласцінак для гэтай гульні (28 шт.).
т. 6, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕ́Р ((Auber) Даніэль Франсуа Эспры) (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].
т. 1, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МЕР, Крэймер (Kramer) Стэнлі (н. 29.9.1913, Нью-Йорк), амерыканскі кінарэжысёр і прадзюсер. Скончыў Нью-Йоркскі ун-т (1933). Стваральнік вострасюжэтных фільмаў актуальнай тэматыкі: «Не схіліўшыя галавы» (1958, у пракаце «Скаваныя адным ланцугом»), «На апошнім беразе» (1959), «Пажнеш буру» (1960), «Нюрнбергскі працэс» (1961), «Гэты шалёны, шалёны, шалёны, шалёны свет» (1963), «Карабель дурняў» (1965), «Благаславі звяроў і дзяцей» (1971), «Прынцып «Даміно» (1977), «I спатыкаецца той, хто бяжыць...» (1979) і інш. Фільмы К. адпавядаюць традыц. драматургічным і жанравым схемам, для іх характэрна яснасць думкі. выказанай з максімальнай публіцыст. даступнасцю.
т. 8, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)