Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́НІКА ВЕНЕЦЫЯ́НА (Domenico Veneziano; да 1410, г. Венецыя, Італія — 15.5.1461),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, напэўна, у Венецыі, з 1439 працаваў у Фларэнцыі (першым увёў тэхніку алейнага жывапісу). Пераадолеўшы традыцыі познагатычнага жывапісу, у сваіх сталых творах («Алтар св. Лучыі», каля 1445—48), паказаў сябе майстрам перспектывы і пластычнай перадачы аб’ёму. У адрозненне ад тагачасных мастакоў фларэнційскай школы жывапісу, аддаваў перавагу каларыстычным задачам, выкарыстоўваў колеравую гаму для перадачы эмацыянальных адценняў — серабрысты тон у яго карцінах стварае адчуванне святла і прасторы («Дабравешчанне»). Урачыстасць арнаментацыі і выразнасць контурных ліній удала спалучаліся ў кампазіцыйнай форме профільнага паяснога партрэта («Партрэт маладой жанчыны», каля 1450). Сярод яго вучняў П’ера дэла Франчэска.
Даменіка Венецыяна. Алтар св. Лучыі. Каля 1445—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́НІ (Cassini) Джавані Даменіка
(Жан Дамінік) (8.6.1625, Перынальда, каля г. Ніца, Францыя — 14.9.1712),
французскі астраном італьян. паходжання. Чл. Парыжскай АН (1669), першы дырэктар Парыжскай астр. абсерваторыі (з 1669). Адкрыў вярчэнне Юпітэра і Марса (1665—66), 4 спадарожнікі Сатурна (1671—84). Выявіў цёмны прамежак у кольцах Сатурна (т.зв. дзяленне, або шчыліна К.), даследаваў лібрацыю Месяца, даў першае надзейнае вызначэнне паралакса Сонца. Імем К. названа аўтам. міжпланетная станцыя.
італьянскі балетмайстар, артыст, лібрэтыст і кампазітар. Адзін з заснавальнікаў дзейснага балета. Падзяляў балетныя жанры на 4 групы: гратэск, камічны, паўхарактарны і высокі. Важнейшае месца ў балеце адводзіў музыцы. На аснове камедый Мальера стварыў новае для муз. т-ра відовішча. Працаваў у Італіі, Германіі, Аўстрыі, у 1766—86 (з перапынкамі) у Пецярбургу і Маскве. Паставіў шэраг балетаў, у т. л. на ўласную музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕНІКІ́НА [Domenichino; сапр.Цамп’еры
(Zampieri) Даменіка; 21.10.1581, г. Балоння, Італія — 6.4.1641),
італьянскі жывапісец-акадэміст, прадстаўнік балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Балонні ў Л.Карачы. З 1602 працаваў пераважна ў Рыме. Творам Д. (фрэскі ў рымскіх цэрквах Сан-Луіджы дэі Франчэзі, 1616—17, і Сант-Андрэа дэла Вале, 1624—28; карціны «Апошняе прычасце св. Іераніма», 1614, «Паляванне Дыяны», 1617—18) уласцівы цэльная кампазіцыя, выразны ідэалізаваны малюнак, стракаты лакальны каларыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНО́ЛЬФА ДЫ КА́МБІО (Arnolfo di Cambio, каля 1245 — да 1310),
італьянскі скульптар і архітэктар. Прадстаўнік Протарэнесансу. У скульптуры (грабніца кардынала дэ Брэй у царкве Сан-Даменіка ў Арвіета, каля 1282) звярнуўся да ант. спадчыны, дабіўся манумент. пластычнасці вобразаў; у архітэктуры (пачатыя ў канцы 13 ст. цэрквы Санта-Крочэ і Палаца Векэё ў Фларэнцыі) выступіў як прадстаўнік італьян. готыкі.
Літ.:
Romanini A.M. Arnolfo di Cambio e lo «stil novo» del gotico italiano. 2 ed. Firenze, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр.ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка
(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).