ДАМБАВЕ́ЦКІ (Аляксандр Станіслававіч) (1840 — каля 1914),

бел. краязнавец, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1872 магілёўскі губернатар, з 1893 сенатар. Ініцыятар адкрыцця ў Магілёве гіст.-этнагр. музея (1879). Пачынальнік выдання і рэдактар калектыўнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (кн. 1—3, 1882—84), дзе змешчаны матэрыялы па археалогіі, ёсць звесткі пра побыт, абрады, нар. творчасць, помнікі старажытнасці. Арганізоўваў археал. экспедыцыі па Магілёўшчыне, выстаўкі іх знаходак у Магілёве і Вільні. Садзейнічаў Е.​Р.​Раманаву ў падрыхтоўцы «Археалагічнай карты Магілёўскай губерні», спрыяў археал. даследаванням У.​З.​Завітневіча, Д.​Я.​Самаквасава, М.​В.​Фурсава, С.​Ю.​Чалоўскага, выданню «Дзённіка курганных раскопак...» Фурсава і Чалоўскага (1892).

А.С.Дамбавецкі.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дамбавецкі А. С. 2/496; 4/130; 6/505; 10/531

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ (ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз. батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.​Р.​Баннікаў, І.​С.​Дрэўскі, А.​М.​Нікольскі, П.​В.​Цярэнцьеў, С.​А.​Чарноў.

На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.​М.​Нікольскі, П.​Г.​Жачынскі, П.​Баброўскі, І.​Зяленскі, А.​С.​Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.​В.​Фядзюшына (1927—32) і Ю.​Ф.​Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.​В.​Дзьякава, Б.​З.​Галадушкі, Т.​М.​Курсковай, І.​В.​Жаркова, М.​М.​Пікуліка і інш. Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Пікулік, В.​А.​Бахараў, С.​У.​Косаў, С.​М.​Драбянкоў, А.​У.​Хандогій, Л.​У.​Косава, К.​К.​Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс. экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.

Літ.:

Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.

М.​М.​Пікулік.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)