вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,
форма агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ва ўмовах сям’і. У старажытнасці і сярэдневякоўі (да станаўлення сістэм адукацыі) забяспечвала саслоўна-прафес. пераемнасць. Элементарным тыпам Д.а. можна лічыць перадачу ад бацькоў дзецям ведаў, прафес. вопыту, асноў светапогляду, у т. л.рэліг. выхаванне. У зах. краінах з сярэдзіны 1970-х г. Д.а. набыла новыя рысы ў межах пед. руху «flexíschooling» (гібкая адукацыя), паводле якога акрамя школы месцам адукацыі можа быць дом, музей, б-ка і інш.; бацькі разглядаюцца як актыўныя партнёры школы; не абавязковай лічыцца прысутнасць настаўніка ў навуч. працэсе; вучоба скіравана на выяўленне і развіццё здольнасцей вучня; магчымасці дома (выкарыстанне сучасных тэхн. сродкаў навучання) разглядаюцца як кампанент школьнай праграмы. «Flexischooling» спалучае Д.а. з навучаннем у школе. У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Д.а. мела важнае значэнне для фарміравання сістэмы агульнай адукацыі. З узнікненнем ун-таў, гімназій і інш.навуч. устаноў была абавязковым этапам для таго, каб прадоўжыць навучанне або паступіць на вайсковую службу, паколькі давала неабходную падрыхтоўку (ад праграмы пач. школы да поўнага гімназічнага курса). Пасля 1917 Д.а. як сістэма спыніла існаванне. З 1960-х г. для кампенсацыі недахопаў дзярж. сістэмы сярэдняй адукацыі атрымалі распаўсюджанне спецыфічныя формы Д.а. (прыватныя ўрокі, сямейныя семінары, рэпетытарства). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. развіццё некаторых формаў Д.а. разглядаецца як адзін з варыянтаў садзеяння індывідуалізацыі навучання, рацыянальным суадносінам дамашняй і школьнай падрыхтоўкі. Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць самаст. атрымання грамадзянамі агульнай адукацыі з правам на дзярж. атэстацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСТО́ЎСКІ В. (сапр.Хвашчынская Надзея Дзмітрыеўна; 1.6.1824, Пронскі пав. Разанскай губ., Расія — 20.6.1889),
руская пісьменніца. Друкавалася з 1842. У вершах 1840-х г. (апубл. пад прозвішчам Хвашчынская) праявіліся грамадз. матывы і тэндэнцыі. Аўтар трылогіі «Правінцыя ў былыя гады» (1853—56), раманаў «Выпрабаванне» (1854), «Барытон» (1857), «Сустрэча» (1860), «Вялікая Мядзведзіца» (1870—71) і інш., аповесцяў «Ганна Міхайлаўна» (1850), «Вясковы выпадак» (1853; у вершах), «Вясковая гісторыя» (1855), «Братка» (1858), «Дамашняя справа» (1864), «Першая барацьба» (1869), «Абавязкі» (1885—86) і інш. У яе творчасці адчувальны ўплыў пісьменнікаў-дэмакратаў, блізкіх да М.Г.Чарнышэўскага. Выступала як літ. крытык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Павел Паўлавіч) (28.2.1916, в.Дамашняя Лыскаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 13.2.1983),
бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1940). Працаваў пераважна ў станковым жывапісе ў рэаліст. манеры, а таксама ў графіцы і плакаце. Аўтар карцін «А.П.Чэхаў на Сахаліне» (1950), «Южна-Сахалінск» (1952), «Зімовы пейзаж», «Вадавоз» (абедзве 1953), «Перадсвяточны вечар», «Вяртанне да мірнай працы» (абедзве 1960), «Выратаванне сцяга» (1961), «Зжатае поле», «Мінск увечары» (абедзве 1962), «Хлеб-соль» (1972), партрэта П.І.Клімука (1978), трыпціха «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), графічнай серыі «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), плаката «Слава героям космасу!» (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКА́Р (Мікалай Мікітавіч) (8.5.1919, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 29.12.1993),
бел. мастак-кераміст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскае маст. вучылішча (1937). Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем нар. традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБІ́СТАЯ ДАПАМО́ЖНАЯ ГАСПАДА́РКА,
гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрмін — дамашняя гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВЫ́Я ВЕЧАРЫ́»,
амбівалентнае выяўленне святых вечароў на Каляды, калі найб. поўна і шматгранна разгортваецца нар. смехавая культура і ўсё можна падаць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Смехавая культура з элементамі нар.т-ра ў розных формах вядома амаль усім народам свету. Ў славян яна ў найбольшай ступені выяўляецца ў час калядна-навагодніх і масленічных святкаванняў. У беларусаў на працягу 2-тыднёвых калядных святкаванняў і ў святы вечар прыпынялася ўсякая праца (інакш, паводле нар. павер’яў, магла «скрывець дамашняя жывёла»), усе павінны былі гуляць, наладжваліся ігрышчы з танц.-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. У розных рэгіёнах Беларусі «К.в.» маюць свае адметныя рысы. На Палессі і Падняпроўі — карнавалізаваныя шэсці і прадстаўленні пераапранутых. Паводле нар. вызначэння, «К.в.» — самы вясёлы час года: можна хадзіць буслам, канём, казлом, цыганом, гусаром — «кім хочаш, тым і хадзі». На Паазер’і — гэта «каляднае вяселле для ўсіх» — «Жаніцьба Цярэшкі», дзе ўсе пары, што перакруціліся ў «Лявонісе» («пажаніліся» ў танцы), павінны па чарзе яшчэ і даганяць сваіх «дзядоў» і «бабак», якія ўцякаюць. Для тэатралізаваных паказаў характэрна багатая вобразнасць: парадзіраваныя пахаванні з амбівалентнасцю смерці-ўваскрэсення ў танцы, гульні, рытуальным смеху («Тут каза ўпала, // Здохла і прапала. // Ты, стара казішча, // Устань, развесяліся»). Драматызм сапраўднага вяселля як абраду пераходу (пераўтварэння) у «Жаніцьбе Цярэшкі» падаецца ў смехавай гратэскавай форме («Дзед бабу тапіць вядзець, // А баба крычыць — не йдзець. // Дзед бабу — чабох на дно, // А мне, дзед, і тут ладно»). Пра «К.в.» ў сучасных вёсках Палесся і Паазер’я зняты аднайм.дакумент. кінафільм (1990).
Публ.:
Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975;
Народны тэатр.Мн., 1983;
Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.
Літ.:
Бахтин М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1965;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн.. 1985.